Міжфакультэцкія Дні славянскага пісьменства і культуры

З 13 па 28 мая 2019 года на філалагічным факультэце праходзілі Дні славянскага пісьменства і культуры. Арганізатарам гэтых Дзён штогод з’яўляецца кафедра агульнага і рускага мовазнаўства.

У гэтым годзе праграма Дзён была вельмі змястоўная: яна ўключала 14 мерапрыемстваў. Найбольш значнай стала Міжнародная студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Слова ў мове, маўленні, тэксце», якая прайшла 17–18 мая 2019 года.

Пазнавальна і цёпла прайшла 15 мая творчая сустрэча студэнтаў 2-га курса філалагічнага факультэта спецыяльнасці «Руская філалогія» з настаўнікам рускай мовы і літаратуры Амелянецкой сярэдняй школы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці Філосаф В.М., выпускніцай нашага факультэта 1993 года. Вера Мікалаеўна падзялілася радасцямі і цяжкасцямі працы настаўніка ў невялікай вясковай школе, лінгвістычнымі поспехамі сваіх вучняў на раённых і абласных конкурсах, сваімі прафесійнымі дасягненнямі.

22 мая праходзіў традыцыйны брэйн-рынг «Ва славу славянскага слова!». У спаборніцтве прынялі ўдзел дзве каманды першакурснікаў – студэнты 1-га курса рускага і беларускага аддзялення філалагічнага факультэта. Адказваючы на пытанні аб гісторыі стварэння і развіцця славянскай графікі, пісьменства і кніжнасці, вялікую дасведчанасць выявілі студэнты каманды «Прыступачкі» спецыяльнасці «Руская філалогія», якія і сталі пераможцамі.

23 мая адбыўся відэалекторый «Прамоўніцкае майстэрства юрыстаў ХIХ стагоддзя». Студэнты 1-га курса юрыдычнага факультэта спецыяльнасці «Правазнаўства» паглядзелі і абмеркавалі фільмы пра вядомых расійскіх юрыстаў Анатоля Фёдаравіча Коні і Фёдара Нічыпаравіча Пляваку, якія праславіліся мастацтвам слова.

24 мая студэнты 1-га курса філалагічнага факультэта спецыяльнасці «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)» наведалі кніжную гасцёўню «Рускія пісьменнікі і Брэст» у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага. Бібліятэкар агульнай чытальнай залы В.В. Казакова пазнаёміла студэнтаў з выставай «Рускія пісьменнікі і Беларусь», прымеркаванай да 1000-годдзя Брэста, а таксама да Дня славянскага пісьменства і культуры. На выставе былі прадстаўлены літаратурна-крытычныя матэрыялы з фондаў агульнай чытальнай залы, аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі і аддзела захоўвання асноўнага фонду, якія раскрываюць руска-беларускія літаратурныя сувязі XIX–XX стст. і прысвечаны такім рускім пісьменнікам, як А.С. Грыбаедаў, А.С. Пушкін, Ф.М. Дастаеўскі, А.А. Блок і інш. У сектары рэдкай кнігі студэнты пазнаёміліся з прэзентацыяй «Кнігі вайны» і змаглі ўбачыць рэдкія ўнікальныя выданні Брэсцкай Бібліі XVI стагоддзя.

Цікавасць у студэнтаў (2-гi курс факультэта фізічнага выхавання і 3 курс юрыдычнага, біялагічнага, геаграфічнага, матэматычнага, гістарычнага факультэтаў) выклікала віктарына «Гісторыя старажытных кніг» і наведванне музея «Гісторыі горада» (2-гi курс спецыяльнасць «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)» філалагічнага факультэта). У гэтыя Дні выйшаў спецыяльны выпуск насценнай газеты «Слова», прысвечаны 1000-годдзю горада Брэста.

24 мая ў дзень святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія настаўнікаў славенскіх адбылася літаратурна-музычная сустрэча «Есть музыка великая – кириллица…», у якой прынялі ўдзел госці – прыхаджане Свята-Мікалаеўскай (брацкай) Царквы: іерэй Алексій Руціч, вучні нядзельнай школы дзіцяча-юнацкага хору з рэгентам – Ангелінай Мікалаеўнай Дзяйнека, а таксама ўдзельнікі тэатральна-лялечнага гуртка «Батлейка» (кіраўнік Алена Фёдараўна Валевіч). Гучалі паэтычныя радкі на розных славянскіх мовах.

24–25 мая ў Мінску адбыўся Міжнародны конкурс прамоўніцкага майстэрства «Цыцыроній–2019», у якім прынялі ўдзел нашы студэнткі Лізавета Лапыцька і Зарана Ярмалюк.

27 мая студэнты-філолагі 1-га курса спецыяльнасці «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)» прынялі ўдзел у выязным семінары-практыкуме па дысцыпліне «Руская мова як замежная» «Культурная спадчына Беларусі: Нямцэвічы» (в. Скокі Брэсцкага раёна).

Завяршыліся Дні славянскага пісьменства і культуры 28 мая: круглы стол «Я – выпускнік філфака БрДУ імя А.С. Пушкіна» аб’яднаў у цёплай гутарцы замежных студэнтаў 4-га курса філалагічнага факультэта і выкладчыкаў кафедры агульнага і рускага мовазнаўства.

Несумненна, Дні ствараюць атмасферу свята, творчасці, супрацоўніцтва і маюць асаблівае значэнне: вучыць удумлівым і беражлівым адносінам да Слова – вытоку духоўнасці і культуры.

Г.А. Верамяюк,
старшы выкладчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: