Агульныя звесткі

Ад першых крокаў да новай рэальнасці

Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна – вядучы адукацыйны, навуковы і культурны цэнтр першага рэгіёна, які забяспечвае падрыхтоўку спецыялістаў для розных сфер. Ён расчыніў свае дзверы ў 1945 годзе, калі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны перад беларускімі ўладамі і народам стаялі мэты не толькі па адраджэнні дзяржавы, але і па развіццю адукацыі. На тэрыторыі паўднёва-заходняга Палесся адкрылася першая ўстанова вышэйшай адукацыі, якая рыхтавала педагагічныя кадры. Настаўніцкі інстытут у прыгранічным Брэсце быў створаны пастановай Савета народных камісараў БССР ад 6 чэрвеня 1945 года № 801.

Па штатным раскладзе першым выкладчыкам новай установы адукацыі стала Лідзія Яфімаўна Нямцова. У той час навучальны працэс ажыццяўляўся на трох аддзяленнях. Разам вучыліся людзі рознага ўзросту. У ліку першых выпускнікоў – будучы рэктар Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна Георгій Пятровіч Андраюк, які атрымаў дыплом з адзнакай. Імя вялікага рускага паэта ўстанове адукацыі было прысвоена ў 1950 годзе.

Адукацыя была запатрабавана грамадскасцю, і калектыў выкладчыкаў інстытута папаўняўся спецыялістамі, набываліся новыя падручнікі і ствараліся новыя кабінеты. З цягам часу павялічылася колькасць факультэтаў і кафедр, адкрываліся новыя карпусы і інтэрнаты, умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база. Вялікую ролю ў адукацыйным працэсе пачала адыгрываць навукова-даследчая дзейнасць. Ёю займаліся як выкладчыкі, так і студэнты. Першым прафесарам БрДУ стаў Уладзімір Андрэевіч Калеснік, а Сцяпан Георгіевіч Кандраценя быў першым доктарам фізіка-матэматычных навук.

Важная падзея для БрДУ, усіх выкладчыкаў і студэнтаў – змена статусу ўстановы адукацыі. У 1995 годзе інстытут перайменавалі ва ўніверсітэт. Пры гэтым было страчана імя А.С. Пушкіна. Але праз некалькі гадоў, дзякуючы намаганням рэктара Уладзіміра Анесціевіча Плецюхова, гэтае імя было вернута.


У адпаведнасці з загадам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 28 ліпеня 2023 года № 133-к
рэктарам універсітэта прызначаны кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Юрый Пятровіч Голубеў

Да новага стагоддзя Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна прайшоў удасканаленне ўсіх напрамкаў дзейнасці. Адкрывалася падрыхтоўка спецыялістаў не толькі педагагічнага профілю, але і сацыяльнага, навуковага, юрыдычнага. Пазней пачалі рыхтаваць журналістаў і ўрбанолагаў. Такім чынам, сёння ва ўніверсітэце праводзіцца шматпрофільная падрыхтоўка кадраў. Пашыраецца міжнароднае і міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, праводзяцца навуковыя даследаванні, адкрываюцца новыя спецыяльнасці, лабараторыі і цэнтры. Студэнцкая моладзь актыўна праяўляе сябе ў грамадскай дзейнасці і павышае імідж БрДУ.

Сёння ўніверсітэт паслядоўна развівае адукацыйныя традыцыі, аб’ядноўваючы класічныя акадэмічныя каштоўнасці з сучаснымі падыходамі да навучання, навукі і выхавання моладзі. Ён выступае пляцоўкай для рэалізацыі інавацыйных адукацыйных і навуковых праектаў, актыўна ўзаемадзейнічае з арганізацыямі адукацыі, навуковымі ўстановамі і міжнароднымі партнёрамі. Яго дзейнасць атрымала высокую адзнаку. За дасягненне значных вынікаў у галіне якасці і канкурэнтаздольнасці адукацыйных паслуг, навуковай прадукцыі, укараненне інавацыйных тэхналогій і метадаў менеджменту Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 сакавіка 2017 года № 171 установе адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна” прысуджана Прэмія Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці. У далейшым універсітэт двойчы пацвярджаў гэтую прэмію.

Супрацоўнікі і студэнты ганарацца гісторыяй і магчымасцямі БрДУ і ўпэўнены: новыя старонкі гісторыі ўніверсітэта будуць не менш яркімі і натхняльнымі.

Інфраструктура і адукацыйная прастора

У структуру ўніверсітэта ўваходзяць:

  • 8 факультэтаў (філалагічны, фізіка-матэматычны, гістарычны, юрыдычны факультэты, факультэт педагогікі і псіхалогіі, факультэт замежных моў, факультэт фізічнага выхавання і спорту, факультэт прыродазнаўства);
  • 23 кафедры;
  • магістратура і аспірантура;
  • Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі;
  • адасобленае структурнае падраздзяленне Пінскі каледж.

Магістратура – завершаны этап навучання і выхавання на ўзроўні вышэйшай адукацыі, на якім забяспечваецца фарміраванне ведаў, уменняў і навыкаў навукова-педагагічнай і навукова-даследчай работы з прысваеннем ступені магістра. У магістратуры БрДУ навучанне ажыццяўляецца па 24 спецыяльнасцях. Адукацыйны працэс магчымы на рускай і англійскай мовах.

Мэтай падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі ў аспірантуры ўніверсітэта з’яўляецца падрыхтоўка рэзерву выкладчыцкіх кадраў для кафедраў БрДУ, а таксама для іншых устаноў адукацыі і арганізацый. Навучанне ажыццяўляецца па 15 спецыяльнасцях.


Археалагічная практыка студэнтаў гістарычнага факультэта

Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рэалізуе павышэнне кваліфікацыі па 9 профілях, 18 напрамках адукацыі, перападрыхтоўку па 19 спецыяльнасцях на ўзроўні вышэйшай адукацыі і па 2 – на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Неабходна адзначыць, што 53,7% штатных выкладчыкаў універсітэта маюць вучоныя ступені і званні.

Пінскі каледж як структурнае падраздзяленне БрДУ ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй па спецыяльнасцях «Пачатковая адукацыя», «Дашкольная адукацыя», «Замежная мова (англійская, нямецкая)», «Музычная адукацыя», «Турызм і гасціннасць».

Адукацыйны працэс ва ўніверсітэце накіраваны на падрыхтоўку канкурэнтаздольных спецыялістаў, якія будуць валодаць фундаментальнымі ведамі і практыка-арыентаванымі навыкамі.


Лабараторныя заняткі па біятэхналогіях

Адукацыйны патэнцыял БрДУ імя А.С. Пушкіна фарміруюць спецыялізаваныя навучальныя і навукова-адукацыйныя пляцоўкі: навучальны кабінет геалогіі, адукацыйны цэнтр імя У.А. Калесніка, зала судовых пасяджэнняў, Рускі цэнтр, STEM-цэнтр, аддзел “Батанічныя экспазіцыі”,  Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, Інстытут Канфуцыя, музей гісторыі фізічнай культуры, біялагічны музей, зімовы сад і сад бесперапыннага цвіцення, сучасныя лабараторыі факультэтаў, навукова-метадычны цэнтр “Школа-сям’я”.

Такая інфраструктура забяспечвае практычную накіраванасць падрыхтоўкі спецыялістаў і пашырае магчымасці для навукова-даследчай работы студэнтаў.

Навуковая дзейнасць

Сумесным рашэннем Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі БрДУ імя А.С. Пушкіна акрэдытаваны як навуковая арганізацыя. Навуковая праца ўніверсітэта ахоплівае фундаментальныя і прыкладныя даследаванні ў галіне прыродазнаўчых, гуманітарных і сацыяльна-эканамічных навук. У БрДУ паспяхова функцыянуе сістэма падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі: штогод выкладчыкамі абараняюцца дысертацыі на суісканне вучоных ступеняў кандыдата і доктара навук.

Ва ўніверсітэце паспяхова дзейнічаюць навукова-педагагічныя школы:

  • “Педагогіка і методыка вышэйшай школы” (кіраўнік – доктар педагагічных навук, прафесар Ганна Мікалаеўна Сендзер);
  • “Практычная псіхалогія дзяцінства” (кіраўнік – доктар псіхалагічных навук, прафесар Ірына Яўгеньеўна Валітава);
  • “Псіхалогія спазнаючага суб’екта” (кіраўнік – доктар псіхалагічных навук, дацэнт Алена Іванаўна Мядзведская);
  • “Намінатыўная і функцыянальная лінгвістыка” (кіраўнік – доктар філалагічных навук, прафесар Васіль Іванавіч Сянкевіч);
  • “Беларускае гісторыка-функцыянальнае літаратуразнаўства: тэорыя і практыка інтэрпрэтацыі мастацкага твора” (кіраўнік – доктар філалагічных навук, прафесар Зоя Пятроўна Мельнікава);
  • “Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці беларускага народа” (кіраўнік – доктар гістарычных навук, прафесар Уладзімір Васільевіч Здановіч);
  • “Гісторыя, культура і рэлігія заходнебеларускіх зямель” (кіраўнік – доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч);
  • “Краіназнаўства і турызм” (кіраўнік – кандыдат геаграфічных навук, дацэнт Аляксандр Аляксандравіч Сідаровіч).

Усе навуковыя школы аб’ядноўвае навуковы патэнцыял, забеспячэнне пераемнасці навуковых традыцый, падтрымка даследаванняў маладых вучоных, укараненне вынікаў навуковых даследаванняў у адукацыйны працэс і практычную дзейнасць.

З мэтай каардынацыі навукова- і вучэбна-метадычнай дзейнасці ва ўніверсітэце створаны навукова-метадычны савет. Адным з прыярытэтаў яго дзейнасці з’яўляецца фарміраванне ў выкладчыкаў метадычнай і метадалагічнай культуры.

Ва ўніверсітэце дзейнічаюць больш за сто студэнцкіх навукова-даследчых аб’яднанняў, якія ўключаюць навуковыя гурткі, лабараторыі і даследчыя групы. Сярод вядучых напрамкаў – даследаванні ў галіне тэрытарыяльнага кіравання, сацыяльных працэсаў, прававых адносін і іншых актуальных навуковых сфер. Каардынацыю працы маладых даследчыкаў ажыццяўляе Савет маладых вучоных. Студэнты ўніверсітэта актыўна ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных навуковых конкурсах і праектах. Штогод больш за 85% работ студэнтаў і магістрантаў, якія прадстаўляюцца на Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў свае матэрыялы, атрымліваюць катэгорыю.

Міжнароднае партнёрства

Фарміраванне і ўмацаванне рэпутацыі ўніверсітэта ў сусветнай адукацыйнай прасторы і забеспячэнне працэсу інтэрнацыяналізацыі – ключавыя фактары ўстанаўлення партнёрскіх сувязей з навучальнымі ўстановамі і арганізацыямі замежных краін. Партнёрскія сувязі БрДУ ахопліваюць установы адукацыі Еўропы, Азіі і Афрыкі. Сярод ключавых міжнародных партнёраў – Аньхойскі ўніверсітэт, на базе якога дзейнічае Цэнтр вывучэння Беларусі, створаны пры ўдзеле БрДУ імя А.С. Пушкіна, Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В. Ламаносава, НДУ «Вышэйшая школа эканомікі» (Расійская Федэрацыя), Таджыкскі нацыянальны ўніверсітэт (Рэспубліка Таджыкістан), Нацыянальны ўніверсітэт Узбекістана імя Мірза Улугбека (Рэспубліка Узбекістан).


Лекцыя прафесара І.А. Швед для студэнтаў Аньхойскага ўніверсітэта

У рамках двухбаковых дагавораў дзейнічаюць студэнцкія і выкладчыцкія акадэмічныя абмены і летнія школы. Для чытання лекцый запрашаюцца выкладчыкі вядучых універсітэтаў-партнёраў. З навучальнымі і навуковымі арганізацыямі замежных краін праводзяцца сумесныя даследаванні, навукова-практычныя і адукацыйныя мерапрыемствы.

Пашырэнню партнёрскіх сувязей, абмену перадавымі практыкамі і ўзмацненню інтэрнацыяналізацыі садзейнічае ўступленне БрДУ імя А.С. Пушкіна ў аўтарытэтныя міжнародныя аб’яднанні:

  • Міжнародны кансорцыум «Дабрабыт чалавека ў лічбавым асяроддзі “разумных” гарадоў»;
  • навукова-адукацыйны кансорцыум паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і НДІ Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Казахстан;
  • Еўразійская асацыяцыя ўніверсітэтаў;
  • Асацыяцыя ўніверсітэтаў прафесійнай адукацыі (у межах ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях”);
  • Кітайска-Беларуская асацыяцыя ўніверсітэтаў.

БрДУ ўвайшоў у некалькі аўтарытэтных міжнародных і нацыянальных рэйтынгаў. Высокае месца займае ў Маскоўскім міжнародным рэйтынгу ўстаноў вышэйшай адукацыі “Тры місіі”. Усе рэйтынгі можна паглядзець ва ўкладцы “Міжнародныя рэйтынгі”.

За апошнія гады Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна падрыхтаваў больш за 1000 высокакваліфікаваных спецыялістаў з ліку замежных грамадзян.

Вучым, развіваем, выхоўваем

Кожны выкладчык БрДУ імя А.С. Пушкіна на сваіх занятках выконвае ўсе ўскладзеныя на яго функцыі па навучанні, развіццю і выхаванню маладога пакалення. Ва ўніверсітэце створана развітая сістэма выхаваўчай і пазавучэбнай работы, накіраваная на ўсебаковае развіццё асобы студэнта. На высокім узроўні выбудавана ідэалагічная і выхаваўчая работа. Яна накіравана на:

  • фарміраванне патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці на аснове дзяржаўнай ідэалогіі;
  • падрыхтоўку моладзі да самастойнага жыцця і працы;
  • фарміраванне маральнай, эстэтычнай і экалагічнай культуры, культуры бяспекі жыццядзейнасці;
  • авалоданне ведамі, каштоўнасцямі і навыкамі здаровага ладу жыцця;
  • фарміраванне культуры сямейных адносін;
  • стварэнне ўмоў для актуалізацыі прадпрымальнасці, ініцыятывы, паспяховага самаразвіцця і самарэалізацыі асобы.

Ідэалагічная і выхаваўчая работа са студэнтамі праводзіцца ў тым ліку праз уцягванне дзяцей у грамадскую дзейнасць – яны задзейнічаны ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў, з’яўляюцца ўдзельнікамі конкурсаў і фестываляў.

Асаблівае месца ў выхаваўчай працы займае студатрадаўскі рух. Ва ўніверсітэце працуюць педагагічныя і сэрвісныя студэнцкія атрады, якія ўдзельнічаюць у адукацыйных, сацыяльных і працоўных праектах. Улетку студэнты працуюць у дзіцячых аздараўленчых лагерах і на аб’ектах турыстычнай інфраструктуры. Значная ўвага надаецца валанцёрскай дзейнасці. Ва ўніверсітэце функцыянуюць валанцёрскі цэнтр, Савет валанцёраў і Акадэмія добраахвотніцтва. Добраахвотнасць фарміруе грамадзянскую адказнасць, а таксама пачуцці спачування і міласэрнасці.

Актыўна развіваецца сістэма студэнцкага сукіравання. Дзейнічаюць студэнцкі савет ўніверсітэта, студсаветы факультэтаў і інтэрнатаў, а таксама адукацыйныя праграмы падрыхтоўкі студэнцкага актыву.

Важнай часткай студэнцкага жыцця з’яўляецца спартыўная дзейнасць. У БрДУ працуе развітая сетка спартыўных клубаў і секцый, функцыянуе сучасны спартыўны комплекс з басейнам, гульнёвымі і спецыялізаванымі заламі. Студэнты рэгулярна становяцца ўдзельнікамі і прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў. БрДУ штогод ладзіць маштабныя спартыўныя мерапрыемствы.