Брэйн-рынг «Ва славу славянскага слова» ў межах міжфакультэцкіх Дзён славянскага пісьменства

«Что за птица – сама с воробья, а мяса в ней как в тёлке?». Гэтую старажытную загадку пра азбуку, без якой не існавала б ні пісьменнасці, ні кніжнасці, ні нават сённяшняй электроннай камунікацыі, добра запомняць і студэнты-першакурснікі філалагічнага факультэта, якія прынялі ўдзел у традыцыйным брэйн-рынгу «Ва славу славянскага слова!», і іх госці. Інтэлектуальны конкурс адбыўся 22 мая 2019 года, напярэдадні Дня славянскага пісьменства і культуры. Такое мерапрыемства штогод праводзіць кафедра агульнага і рускага мовазнаўства з мэтай пашырэння эрудыцыі студэнтаў, узбагачэння іх гісторыка-лінгвістычных і лінгвакультурных ведаў.

У спаборніцтве прынялі ўдзел студэнты спецыяльнасцяў «Руская філалогія» (каманда «Прыступачкі») і «Беларуская філалогія» (каманда «Утопія»). На пытанні аб гісторыі стварэння славянскага пісьменства і кніжнасці, аб эвалюцыі графікі, аб ролі пісьменнасці для нас і нашых продкаў паспяхова адказвалі абедзве каманды, але больш аптымістычна наладжанай і паспяховай аказалася каманда рускага аддзялення. Ідучы следам за абраным дэвізам «По ступенькам вверх пойдём, и победу там найдём!», перамагла ў конкурсе каманда «Прыступачкі».

Каралевіч С.А., кандыдат філалагічных навук,
дацэнт кафедры агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: