Дыялог з Міністрам: роля педагога заўсёды будзе высокай

Сустрэча Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі са студэнтамі БрДУ імя А.С. Пушкіна адбылася 16 мая. Госця прадставіла рэктар універсітэта Ганна Сендзер.

Ва ўступным слове Ігар Васільевіч адзначыў, што, прыехаўшы на адкрыццё Рэспубліканскай студэнцкай універсіяды – 2019, не мог не пагутарыць са студэнтамі вядучага адукацыйнага цэнтра Брэстчыны, так як сустрэчы з моладдзю нярэдка становяцца імпульсам для прыняцця важных рашэнняў.

Ігар Карпенка акцэнтаваў увагу на тым, што ў сучаснай сістэме адукацыі важныя два аспекты: якасць адукацыі і падрыхтоўка навукова-педагагічных кадраў, якія будуць яе забяспечваць. На думку Міністра, сёння важна цеснае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі з заказчыкамі кадраў. «Адказнасць за падрыхтоўку маладых спецыялістаў павінна ляжаць і на працадаўцах, бо яны бяруць студэнтаў на практыку і зацікаўлены ў тым, каб да іх працаўладкоўваліся высокакваліфікаваныя спецыялісты, – сказаў Ігар Карпенка. – Дзяржава стварае добрыя і камфортныя ўмовы для навучання: распрацоўвае праграмы, забяспечвае навучэнцаў жыллём, дае магчымасці практыкавацца па абранай спецыяльнасці». А пераход ад тыпавых навучальных праграм да прыкладных павінен зрабіць працэс узаемадзеяння ўсіх структур, зацікаўленых у павышэнні якасці адукацыі, яшчэ больш плённым.

Адукацыя ў нашай краіне, сапраўды, якасная. Пра гэта сведчыць той факт, што выпускнікі запатрабаваны на рынку працы, а таксама вялікая колькасць замежных грамадзян, якія жадаюць вучыцца ў Беларусі. «Сёння ў студэнцкіх аўдыторыях навучаецца 25 тыс. хлопцаў і дзяўчат са 109 краін свету, – прывёў дадзеныя Ігар Васільевіч. – Да нас едуць маладыя людзі з Грузіі, Кітая, Расіі, Польшчы, Германіі і іншых дзяржаў».

Каб узровень адукацыі пастаянна ўзрастаў, трэба ўносіць змены ў адукацыйны працэс у адпаведнасці з патрабаваннямі часу. «Мы зараз развіваем некалькі новых формаў у адукацыйным працэсе, – сказаў Міністр. – «2 + 2», дыстанцыйную і сеткавую». Калі, што з сябе ўяўляюць апошнія дзве, вядома, то аб першай варта патлумачыць: яна заключаецца ў тым, што студэнты адну частку навучання праходзяць у Беларусі, а другую – за мяжой.

Акрамя таго, у сістэме адукацыі ідзе ўдасканаленне блока сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Так, у ВНУ замест курса «Гісторыя Беларусі» ўводзіцца дысцыпліна «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Як адзначыў Ігар Васільевіч, няма сэнсу ў вышэйшай школе вывучаць той прадмет, па якім у сярэдняй школе здаецца дзяржаўны экзамен.

Таксама Ігар Карпенка расказаў, што сістэма адукацыі арыентавана на рэалізацыю мадэлі «Універсітэт 3.0»: будзе камерцыялізацыя навуковых даследаванняў і іх ўкараненне ў рэальны сектар эканомікі.

Затым Ігар Васільевіч адкрыта адказаў на пытанні студэнцкай моладзі. Роля педагога ў адукацыйным працэсе, інавацыі ў ім, развіццё валанцёрскага руху ва ўніверсітэтах – гэта і многае іншае ў полі інтарэсаў навучэнцаў.

Ігар Карпенка станоўча ставіцца да новаўвядзенняў, але перакананы, што тэхналогіі не змогуць замяніць настаўніка, IT закліканы палегчыць працу людзей і ўнесці разнастайнасць у адукацыйны працэс. Важна, каб чалавек быў не толькі высокакваліфікаваны спецыяліст, але і годны грамадзянін сваёй краіны, добры сем’янін.

«І ў гэтым вялікая роля педагога, таму што ён не толькі вучыць, але і выхоўвае. Уклад настаўніка ў станаўленні чалавека як асобы і спецыяліста заўсёды вялікі», – падкрэсліў Міністр. Ігар Васільевіч упэўнены: у першую чаргу настаўнік павінен валодаць асобаснымі якасцямі.

Што да добраахвотніцкай дзейнасці, то, як лічыць Ігар Карпенка, студэнты БрДУ, якія дапамагаюць сіротам, дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, пажылым людзям і ветэранам вайны, якія клапоцяцца аб экалогіі, на правільным шляху. «Вы маладыя, у вас ёсць запал і энергія. Выдатна, калі яны накіраваны ў патрэбнае рэчышча», – сказаў ён.

У канцы сустрэчы рэктар Ганна Сендзер падзякавала Міністру адукацыі Ігару Карпенку за канструктыўны дыялог і ўручыла яму падарункі, створаныя рукамі нашых студэнтаў.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: