Рэспубліканская ўніверсіяда – 2019

Урачыстае адкрыццё Рэспубліканскай універсіяды – 2019 адбылося ў Футбольным манежы Брэста 16 мая. Сімвалічна, што гэта падзея праходзіла ў горадзе над Бугам у год яго 1000-годдзя, бо за сваю шматгадовую гісторыю Брэст падрыхтаваў шмат спартыўных чэмпіёнаў. Удзел у мерапрыемстве прымалі і навучэнцы БрДУ.

Старт студэнцкай універсіядзе далі ганаровыя госці. Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк сказаў, што, дзякуючы дзяржаўнай палітыцы ў нашай краіне, у абласным цэнтры ўзведзена шмат спартыўных аб’ектаў, заняткі ў якіх дапамагаюць аматарам спорту пастаянна ўдасканальваць майстэрства, дасягаць прафесійнага ўзроўню і прадстаўляць рэспубліку на буйных спаборніцтвах.

Ключавым момантам у прывітанні Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Карпенкі стала думка аб тым, што развіццё студэнцкага спорту спрыяе фарміраванню рэзерву для спорту высокіх дасягненняў. Таксама ён падкрэсліў важнасць таго, што ў гэтыя дні на Брэстчыне праходзіць эстафета агню «Полымя свету» галоўнай мультыспартыўнай падзеі года ў Беларусі. Запальванне агню стала яркім момантам урачыстасці. Ён натхніў удзельнікаў універсіяды на дасягненне бліскучых вынікаў.

Віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Сяргей Рэпкін адзначыў важнасць спорту і спартыўных спаборніцтваў у жыцці сучаснага грамадства, а дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнік Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Багдановіч сказаў, што ўдзел у рэспубліканскай універсіядзе выпрацоўвае сілу волі і духу, фарміруе імкненне да сумленнай барацьбы і перамогі.

Пасля таго, як Рэспубліканскую студэнцкую ўніверсіяду – 2019 аб’явілі адкрытай, прагучаў гімн Беларусі. Затым адбыўся гістарычны момант – быў вынесены сцяг універсіяды. Яго перадалі Віцебску – гораду, які будзе прымаць адкрыццё студэнцкага спартыўнага форуму ў наступным годе.

Шмат авацый гледачоў гучала ў адрас пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскай студэнцкай універсіяды – 2018, якім ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі дыпломы і кубкі. Установы былі ўзнагароджаны ў чатырох катэгорыях.

Цырымонія працягнулася гала-паказам. Нашы студэнты выканалі энергічны флэш-моб і жыццесцвярджальную кампазіцыю «Мы – маладыя».

Нагадаем, універсіяда для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі ініцыявана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскім цэнтрам фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: