Беларусь – Азербайджан: супрацоўніцтва ў галіне моладзевай палітыкі

Дні моладзі Азербайджана ў Беларусі прайшлі ў Брэсце — ў адпаведнасці з сумесным планам мерапрыемстваў Міністэрства адукацыі Беларусі і Міністэрства моладзі і спорту Азербайджана ў сферы дзяржаўнай моладзевай палітыкі на 2018–2019 гг.

З візітам у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна для ўдзелу ў адкрытым дыялогу з беларускай і азербайджанскай моладдзю прыбылі Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, намеснік Міністра моладзі і спорту Азербайджана Інтыгам Бабаеў, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк і рэктар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандр Драган.

Прадставіўшы паважаных гасцей студэнцкай моладзі, рэктар БрДУ Ганна Сендзер зрабіла экскурс у гісторыю нашага ўніверсітэта, а затым дала слова Ігару Карпенку.

У прывітанні Міністр адукацыі адзначыў сімвалічнасць правядзення Дзён моладзі ў знамянальны для горада над Бугам і краіны год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 1000-годдзя Брэста. «У наступным годзе ў рамках Саюзнай дзяржавы плануецца даць старт цягніку Брэст – Уладзівасток, прымеркаванаму да 75-й гадавіны Вялікай Перамогі», – сказаў Ігар Васільевіч.

Міністр адукацыі падкрэсліў, што Беларусь і Азербайджан звязваюць трывалыя повязі супрацоўніцтва, чаму ў немалой ступені спрыяе моцная палітычная воля лідараў абедзвюх краін, якія, дарэчы, не проста калегі, але і сябры.

Звяртаючыся да прысутных, Інтыгам Бабаеў выказаў падзяку за цёплы прыём і падзяліўся ўражаннямі ад візіту ў абласны цэнтр. Ён ахарактарызаваў Брэст як сучасны горад з развітой інфраструктурай і багатай гісторыка-культурнай спадчынай і акцэнтаваў увагу на тым, што на плячах моладзі ляжыць адказная місія па яе захаванні, прымнажэнні і перадачы наступным пакаленням.

Студэнты, карыстаючыся магчымасцю пагутарыць з прадстаўнікамі выканаўчай улады абедзвюх дзяржаў, актыўна задавалі пытанні. Эканоміка, адукацыя, занятасць, моладзевая палітыка і ІТ-сфера – гэтыя і іншыя тэмы закранулі навучэнцы.

Адказваючы на пытанне аб тым, што з’яўляецца галоўным сувязным звяном супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам, Ігар Карпенка адзначыў: «Мы былі часткай адной вялікай краіны, у нас ёсць гістарычныя карані і сувязі. Гэта наклала свой адбітак на сучасныя адносіны паміж нашымі дзяржавамі». Сённяшняе мерапрыемства – яркае пацвярджэнне цёплых узаемаадносін Беларусі і Азербайджана. «Моладзі трэба гэтыя злучальныя ніткі ўмацоўваць», – упэўнены Міністр адукацыі нашай краіны.

У ходзе адкрытага дыялогу абмяркоўваліся праблемы сістэмы адукацыі і сучаснай школы. Ігар Васільевіч патлумачыў прывабнасць адукацыі ў нашай рэспубліцы для замежных грамадзян такімі фактарамі, як высокае якасць адукацыі, мабільнасць, функцыянаванне прызнаных ва ўсім свеце навуковых школ, прыхільнасць гуманістычным традыцыям, а таксама міралюбная палітыка Беларусі.

У сувязі з тым, што ў БрДУ інтэнсіўна развіваецца валанцёрскі рух, навучэнцы пацікавіліся ў Інтыгама Бабаева аб гэтым напрамку дзейнасці моладзі ў Азербайджане. Інтыгам Вагіфавіч сказаў, што на яго радзіме Нацыянальны банк валанцёраў налічвае больш за 20 тыс. чалавек. «Мы лічым, што валанцёрства – складовая частка патрыятычнага выхавання, – паведаміў ён. – Гэта добры вопыт, калі злучаюцца дабравольніцтва, патрыятызм і грамадзянскі абавязак».

Інтыгам Бабаеў падкрэсліў, што ў Азербайджанскай Рэспубліцы шмат увагі надаецца моладзевай палітыцы. Гэта яскрава дэманструе і сённяшняя сустрэча, а таксама форум азербайджанскай моладзі, які праводзіцца кожныя тры гады. «Дэлегаты абменьваюцца вопытам, выказваюць пажаданні, якія нярэдка задаюць напрамкі наступных форумаў», – сказаў ён.

Парадавала ганаровых гасцей пытанне студэнта БрДУ азербайджанца Фаніля Агаева. Малады чалавек спытаў пра беларускую дыяспару на яго радзіме. Інтыгам Бабаеў сказаў, што, хоць дыяспары няма, у краіне пражывае шмат беларусаў, актыўна працуе пасольства Рэспублікі Беларусь у Азербайджане.

У канцы сустрэчы рэктар БрДУ Ганна Сендзер падзякавала ганаровым гасцям за візіт. Намеснік Міністра моладзі і спорту Азербайджана Інтыгам Бабаеў пакінуў цёплыя пажаданні ў кнізе ганаровых гасцей. Завяршыліся Дні моладзі Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь святочным канцэртам у Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры моладзевай творчасці.

Юлія Воўк

Падзяліцца: