Заўсёды трэба думаць пра людзей

Менавіта з такім пасылам 24 кастрычніка звярнуўся да студэнцкай моладзі намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзь Барысюк падчас сустрэчы з навучэнцамі і выкладчыкамі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Чырвонай ніткай праз усё мерапрыемства ў БрДУ праходзілі словы Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што чыноўнікі мясцовых органаў улады павінны вырашаць усе пытанні ў рамках іх кампетэнцыі, але не абяцаць выконваць тое, у чым да канца не ўпэўнены. Таму важна выязджаць на месцы, мець зносіны з людзьмі, зразумець іх праблемы, а не толькі працаваць у кабінеце.

Фармат – адкрыты дыялог – задала рэктар БрДУ Ганна Сендзер, перад гэтым адзначыўшы, што Генадзь Іосіфавіч – выпускнік філалагічнага факультэта нашага ўніверсітэта.

Генадзь Барысюк – ураджэнец Брэста. Працаваў дырэктарам школы, кіраўніком аддзела ідэалагічнай працы адміністрацыі Ленінскага раёна абласнога цэнтра, а затым і ўзначальваў яе, з’яўляўся дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў. Шмат у чым, на думку Генадзя Іосіфавіча, у гэтым заслуга менавіта ўніверсітэта і тых выкладчыкаў, якія вучылі быць справядлівым і спагадлівым, бо ў студэнцкія гады маладыя людзі добра «ўбіраюць» усю інфармацыю і атрымліваюць шмат магчымасцей для самарэалізацыі. У гэты час ён навучыўся цаніць час і жыццё, пачаў актыўна выяўляць сябе. «Калі ёсць трывалы падмурак, ёсць куды рухацца», – вось так лаканічна, але цёпла ён выказаўся пра alma mater.

Спецыфіка работы кіраўніка, якасці, якімі павінен валодаць сучасны малады чалавек, удасканаленне інфраструктуры Брэста, праблемы жыхароў горада, з якімі прыходзіцца сутыкацца часцей за ўсё па абавязку службы, спартыўныя перавагі – гэтыя і шэраг іншых тэм студэнты закранулі ў час размовы з госцем. Не дзіўна, што адно з першых пытанняў датычылася працы ў школе. Адказваючы, Генадзь Іосіфавіч падкрэсліў: «Важна любіць сваю працу і цаніць людзей, якія разам з табой вырашаюць важныя прафесійныя задачы».

Гэтага правіла Генадзь Барысюк прытрымліваецца заўсёды. Сёння ён курыруе пытанні інфармацыйнай і ідэалагічнай працы, дзяржаўнай палітыкі ў галіне працы, садзейнічання занятасці насельніцтва, сацыяльнай абароны.

На пытанне студэнтаў БрДУ імя А. С. Пушкіна аб тым, што з’яўляецца самым складаным у працы кіраўніка, Генадзь Іосіфавіч адказаў, што ўсе праблемы вырашальныя, калі калектыў – каманда аднадумцаў. І добрага кіраўніка адрознівае тое, што ён умее прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць.

Правільна і своечасова пастаўленыя задачы ўплываюць на якасць іх выканання. Напрыклад, да 1000-годдзя Брэст прыкметна змяніўся. У будаўніцтве ўнікальнага фантана і добраўпарадкаванні набярэжнай ёсць заслуга і Генадзя Барысюка.

Па выніках дыялогу студэнты зразумелі, што мы можам ганарыцца нашай краінай, горадам, універсітэтам. А студэнцкай моладзі Генадзь Іосіфавіч пажадаў паспяховай рэалізацыі ў вучэбнай, навуковай, творчай і спартыўнай дзейнасці, імкнення стаць высокакваліфікаванымі спецыялістамі, каб у будучыні працаваць на карысць нашай роднай Беларусі.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: