Усіх аб’яднаў БрДУ – Фестываль Дружбы адбыўся ў рамках святкавання 1000-годдзя Брэста

Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна актыўна быў уключаны ў святкаванне тысячагадовага юбілею горада Брэста. Фестываль Дружбы, падрыхтаваны БрДУ, пад эгідай Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта, адбыўся на плошчы Леніна 8 верасня. У гэтым захапляльным прадстаўленні ўніверсітэту ўдалося аб’яднаць студэнцкую моладзь Беларусі (БрДУ імя А.С. Пушкіна), Расіі (Валгаградскі дзяржаўны сацыяльна-педагагічны ўніверсітэт), Украіны (Усходнееўрапейскі нацыянальны ўніверсітэт імя Лесі Украінкі), Туркменістана, Узбекістана і Таджыкістана (БрДУ імя А.С. Пушкіна).

З прывітаннем да ўдзельнікаў і гасцей фестывалю звярнулася рэктар БрДУ Ганна Сендзер. Ганна Мікалаеўна добра ведае, што сучасная моладзь вельмі энергічная, таму паспявае не толькі вучыцца, але і актыўна займацца грамадскай дзейнасцю. Рэктар адзначыла, што навучэнцы, прымаючы ўдзел у навуковых канферэнцыях, праграмах па абмене студэнтаў, умацоўваюць дружбу паміж народамі, і пажадала ім дасягнуць прызнання ў цудоўным горадзе Брэсце, дзе жыве дух творчасці і міралюбнасці. Таксама Ганна Сендзер ўручыла ўдзельнікам падзякі і сувенірную прадукцыю.

Цёпла і сардэчна павіншаваў фестывальную публіку старшыня Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў Мікалай Красоўскі. Ён падзякаваў рэктару БрДУ за актыўны ўдзел студэнцтва ў фестывалі і многіх гарадскіх мерапрыемствах. Тварыць новае тысячагоддзе, рабіць яго яшчэ цікавейшым, больш камфортным і ўтульным для жыцця – такі асноўны пасыл Мікалая Васільевіча. Ён ўзнагародзіў удзельнікаў дыпломамі і статуэткамі з гербамі Брэста і вядучага адукацыйнага цэнтра вобласці.

А стартавым пунктам фестывалю стаў музычна-танцавальны нумар «Я, ты, ён, яна», які як нельга лепш прадэманстраваў дружбу паміж народамі, а разам з тым і задаў тон усяму мерапрыемству. Студэнцкай моладзі розных краін сапраўды было што паказаць і чым здзівіць. Меладычная беларуская мова, нацыянальныя танцы, інструментальная музыка, завадны флеш-моб, гарачыя туркменскія матывы, спевы а капэла і яркія касцюмы – на плошчы Леніна гарманічна злучылася творчасць розных дзяржаў і частак свету.

У фінале канцэрта на сцэну выйшлі ўсе ўдзельнікі фестывалю і выканалі песню «Карагод дружбы» – песню-заклік умацоўваць сяброўскія адносіны паміж народамі. Але апошнім акордам творчай праграмы стала кампазіцыя «Через годы, через расстояния», якая, прагучаўшы з вуснаў моладзі, пацвердзіла, што для сумеснай творчасці межаў не існуе, што дружба народаў – гэта не проста словы, а мір і згода.

Фестываль Дружбы, вядома, не стаў самым галоўным мерапрыемствам святкавання міленіуму (на гэта і не прэтэндаваў), але яго можна смела назваць самым дружным, у якім удзельнікі хай і адрозніваюцца нацыянальнасцю, але адзiныя па духу, любові да творчасці і цудоўнага, добразычлівыя адзін да аднаго.

Фестываль завяршыўся, але памяць пра гэтае маляўнічае дзейства і новыя знаёмствы застануцца назаўжды. БрДУ выказвае падзяку ўсім удзельнікам фестывалю і жадае натхнення і плёну!

Юлія Воўк,
студэнцкі клуб

Падзяліцца: