Міжкультурны дыялог як фактар гуманітарнага ўзаемадзеяння

Семінар «Міжкультурны дыялог на прасторы СНД» адбыўся ў БрДУ імя А.С. Пушкіна 17 мая. Ён праходзіў згодна з планам мерапрыемстваў, якія праводзяцца з нагоды надання гораду Брэсту статусу «Культурная сталіца Садружнасці 2019 года». У семінары прынялі ўдзел члены Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў Садружнасці пры статутных і іншых органах СНД, супрацоўнікі пасольстваў дзяржаў, кіраўніцтва і супрацоўнікі Выканаўчага камітэта СНД, кіраўніцтва, выкладчыкі і студэнты БрДУ.

Мэта мерапрыемства – пашырэнне ведаў удзельнікаў аб формах і механізмах развіцця міжкультурнага дыялогу ў сучасным свеце і абмен думкамі аб стане і перспектывах развіцця міжкультурнага дыялогу ў гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў – удзельніц Садружнасці.

Рэктар універсітэта Ганна Сендзер вітала дэлегацыю на пляцоўцы, дзе разгарнулася кароткая гісторыя Міждзяржаўнай праграмы «Культурныя сталіцы СНД» у вобразнай форме і выставы славутасцей сямі цудаў Брэста, «Чытаем разам – пазнаём адно аднаго» і работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці, створаных нашымі студэнтамі. Сустрэлі паважаных гасцей у лепшых беларускіх традыцыях: хлебам-соллю і міні-канцэртам, якія ўключаў танцы і песні, што ўвасабляюць дружбу паміж народамі.

Старшыня Выканаўчага камітэта – Выканаўчы сакратар Садружнасці Незалежных Дзяржаў Сяргей Лебедзеў – адзначыў гасціннасць і добрасардэчнасць Брэстчыны. На працягу мерапрыемства на гэта звярталі ўвагу яшчэ не адзін раз. А Сяргей Мікалаевіч адзначыў, што Брэст нездарма носіць званне культурнай сталіцы, таму што «з’яўляецца свяшчэннай зямлёй, сведчаннем мужнасці, стойкасці і братэрства народаў». Затым ён уручыў Грамату за ўклад у культурнае развіццё Садружнасці старшыні Брэсцкага гарвыканкама Аляксандру Рагачуку.

Аляксандр Сцяпанавіч падзякаваў кіраўніцтву выканаўчага камітэта СНД за тое, што ў гэтым годе семінар праводзіцца ў Брэсце – «горадзе, у якім можна мінімізіраваць усе супярэчнасці, тут нельга быць няшчырым».

Падчас пасяджэння дырэктар дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканаўчага камітэта СНД Аляксей Сазонаў і ўсе выступоўцы-дыпламаты: Латыф Сейфаддын аглы Гандылаў (Азербайджан), Назаркулы Шакулыеў (Туркменістан), Ермухамет Ертысбаеў (Казахстан), Віктар Сарачан (Малдова), Андрэй Грозаў (Расія) і Махмадшарыф Хакдод (Таджыкістан) – гаварылі пра тую каласальную работу, якую робіць Садружнасць па дасягненні і захаванні міжкультурнага дыялогу і культурнага ўзаемадзеяння паміж народамі, аб тым, што культура, навука і адукацыя – асноўныя каштоўнасці грамадства.

Пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі дзяржаў-удзельніц СНД заўважылі, што ўплыў культуры на маладое пакаленне вялікі: пры захаванні традыцый з цягам часу ўзнікаюць новыя яе праявы. Вызначыліся і з галоўным па тэме, што абмяркоўвалася: кансалідацыя намаганняў на тое, каб пры вырашэнні канфліктных сітуацый не звяртацца да войнаў, аб’яднанне ведаў і вопыту па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны і стварэнне новых інтэграцыйных пляцовак.

Вяртаючыся да тэзіса пра тое, што адукацыя ў ліку найважнейшых каштоўнасцей сучаснага грамадства, на семінары выступіла дэкан геаграфічнага факультэта БрДУ Ірына Абрамава. Яна расказала аб інтэрнацыяналізацыі як фактары развіцця адукацыі, зрабіўшы акцэнт на інтэрнацыянальных сувязях нашага ўніверсітэта. Тут у прыярытэце абмен вопытам. І ён, сапраўды, паспяхова рэалізуецца хоць бы за кошт стажыроўкі ў БрДУ выкладчыкаў з універсітэтаў-партнёраў і чытання лекцый у буйных вышэйшых навучальных установах свету нашымі педагогамі.

Адзін з такіх педагогаў – доктар філалагічных навук, прафесар Іна Швед, якая пераканана, што грамадства стараецца спасцігаць светапоглядныя канструкцыі розных народаў, у тым ліку дзякуючы ўніверсальнасці культурных кодаў. Тым самым яна, як і некаторыя іншыя дакладчыкі, падвяла нас да таго, што паняцце «культура» можна разглядаць у больш шырокім сэнсе, чым проста сукупнасць помнікаў, музеяў, устаноў, фестываляў і т. д., якія фарміруюць сяброўскія адносіны паміж народамі, пра значэнне якіх у сучасным свеце, у прыватнасці, у горадзе над Бугам, расказвала дырэктар цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Святлана Гарадзецкая.

Форум паказаў, што Садружнасць Незалежных Дзяржаў знаходзіцца на стыку розных бакоў свету, мацерыкоў і канфесій, але паспяхова працуе па эканамічным, гуманітарным накірунках і па забеспячэнні бяспекі і ўзаемадзеянні ў палітычнай сферы, грунтуецца на працяглым сумесным супрацоўніцтве і ўзаемапранікненні культур. Міжкультурны дыялог спрыяе прыўнясенню свежых ідэй і рашэнняў у развіццё гуманітарнага ўзаемадзеяння.

Форум завяршыўся ўручэннем падарункаў.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: