Х Міжвузаўская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Моладзь і рэлігія ў сучасным свеце: асновы прававога рэгулявання»

25 красавіка 2019 г. у БрДУ імя А. С. Пушкіна адбылася Х Міжвузаўская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Моладзь і рэлігія ў сучасным свеце: асновы прававога рэгулявання».

Галоўным арганізатарам канферэнцыі выступіла кафедра крымінальна-прававых дысцыплін, а таксама Дыскусійны клуб грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці БрДУ імя А. С. Пушкіна, кіраўнікамі якога з’яўляюцца В. М. Іванчына і Э. М. Севярын. У працы канферэнцыі прынялі ўдзел студэнты і магістранты БрДУ імя А. С. Пушкіна і Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Галоўная мэта канферэнцыі – не толькі павышэнне адукацыйнага ўзроўню студэнтаў у межах зададзенай праблематыкі, але і ажыццяўленне праграмы рэлігійнай бяспекі – інфармаванне моладзі аб дзяленні канфесій на культураўтваральныя і дэструктыўныя.

Перад удзельнікамі канферэнцыі выступіў кіраўнік аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта Іванчын Генадзь Іванавіч. У ходзе дакладу на тэму «Адносіны паміж канфесіямі ў г. Брэсце» было падкрэслена, што ўлады горада Брэста заўсёды знаходзяцца ў дыялогу з прадстаўнікамі розных канфесій, абмяркоўваюць складаныя задачы і выбудоўваюць аптымальныя рашэнні.

Традыцыйна ў арганізацыі і працы канферэнцыі бяруць удзел прадстаўнікі сектара па справах рэлігій і нацыянальнасцей галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама. Перад удзельнікамі канферэнцыі выступіў галоўны спецыяліст сектара па справах рэлігій і нацыянальнасцей Баўкуновіч Дзмітрый Аляксандравіч, які расказаў пра сучасную канфесійную сітуацыю на Брэстчыне. Падчас выступлення Д. А. Баўкуновіч адзначыў, што ў г. Брэсце дзейнічаюць усе 17 канфесій, якія ёсць у Брэсцкай вобласці. Усяго ў Рэспубліцы Беларусь на 1 студзеня 2019 г. у Дзяржаўным рэестры рэлігійных арганізацый зарэгістравана 25 рэлігійных канфесій, што сведчыць аб поліканфесійнасці нашай дзяржавы. Дакладчык адзначыў, што Брэстчына, як і ўся Беларусь, з’яўляецца рэгіёнам канфесійнага міру і супрацоўніцтва.

Студэнты і выкладчыкі атрымалі ад спецыялістаў шэраг пытанняў адносна культавых збудаванняў, абрадаў перапахавання з захаваннем рэлігійнага рытуалу і інш.

У ходзе працы канферэнцыі былі заслуханы таксама выступленні студэнтаў, якія былі прысвечаны розным праблемам прававога рэгулявання дзейнасці канфесій у сучасным свеце. Даклады студэнтаў на канферэнцыі прадэманстравалі цікавасць моладзі да рэлігіязнаўчай праблематыкі, іх навуковыя пошукі.

Дыпломамі за лепшае выступленне былі ўзнагароджаны наступныя дакладчыкі:

  • Антановіч Даніла (I курс, юрыдычны факультэт, БрДУ імя А. С. Пушкіна). Тэма выступлення: «Дыскрымінацыя хрысціян у сучасным свеце»;
  • Кірыковіч Марына, Прошына Ганна, Ярошык Дзіяна (I курс, эканамічны факультэт, БрДТУ). Тэма выступлення: «Сістэма адукацыі ў Брэсце ў канцы XIX – пачатку XX ст.»;
  • Канавалік Марыя (I курс, будаўнічы факультэт, БрДТУ). Тэма выступлення: «Магілёўскае жаночае вучылішча духоўнага ведамства ў другой палове ХΙХ – пачатку ХХ стст.»;
  • Немец Вадзім (I курс, будаўнічы факультэт, БрДТУ). Тэма выступлення: «Вопыт перакладу Евангелля на гаворку Брэсцкай вобласці»;
  • Цупа Вольга (I курс, эканамічны факультэт, БрДТУ). Тэма выступлення: «Дзейнасць моладзевага брацтва прыходу Пакрова Прасвятой Багародзіцы г. Жабінка».

Крытэрыямі для ўзнагароджання сталі актуальнасць і навізна тэмы, выкарыстанне мультымедыяпрэзентацыі, аўтарскія ідэі і высновы.

Дзякуем прадстаўнікам органаў улады, усім удзельнікам канферэнцыі за супрацоўніцтва,
жадаем творчых поспехаў
у далейшай навукова-даследчай і сацыяльнай дзейнасці!

Іванчына В. М., старшыня арганізацыйнага камітэта канферэнцыі

Падзяліцца: