Майстар-класы «Аэробіка ў працэсе навучання школьнікаў»

10 красавіка 2019 года ў спартыўнай зале ДУА «Сярэдняя школа № 26 г. Брэста», дзе прысутнічалі вучні, настаўнікі, класныя кіраўнікі, адміністрацыя ўстановы, было асабліва ажыўлена – у гасцях у школе быў прафесарска-выкладчыцкі склад кафедры спартыўных дысцыплін і методык іх выкладання факультэта фізічнага выхавання УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна». Выкладчыкі БрДУ арганізавалі і правялі майстар-класы з вучнямі сярэдніх і старэйшых класаў.

Былі праведзены майстар-класы: «Танцавальна-гімнастычныя практыкаванні з гімнастычнымі палкамі на ўроках «Фізічнай культуры і здароўя» з вучнямі сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту» (дацэнт Бяспутчык У.Г.); «Практыкаванні атлетычнай гімнастыкі ў варыятыўным кампаненце вучэбнай праграмы «Фізічная культура і здароўе» старэйшых школьнікаў» (старшы выкладчык Якубовіч С.К.); «Аэробная танцавальная гімнастычная размінка на занятках з дзецьмі сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту» (старшы выкладчык Цітова Л.С.); «Аэробныя танцавальна-гімнастычныя практыкаванні на гімнастычнай лаўцы з дзецьмі сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту» (выкладчык Ляховіч А.М.).

У якасці асістэнтаў з мэтай прафесійнай арыентацыі былі прыцягнуты студэнткі факультэта фізічнага выхавання Кахнюк Вікторыя, Сцепіна Лія, Шэўчык Эльвіра і Варэнік Вольга.

Майстар-класы прайшлі на высокім эмацыйным фоне. Навучэнцы зацікаўлена ўспрымалі матэрыял, а гледачы з захапленнем і апладысментамі сустракалі ўдзельнікаў майстар-класаў.

Названая школа была абрана для правядзення майстар-класаў не выпадкова, так як паміж ёй і факультэтам фізічнага выхавання на працягу ўжо многіх гадоў ажыццяўляецца плённае вучэбна-метадычнае, практычнае і навуковае супрацоўніцтва ў сферы фізічнай культуры і спорту. У прыватнасці, факультэт падтрымлівае цесныя рабочыя кантакты з дырэктарам школы Герасімуком П.С. і настаўнікам вышэйшай катэгорыі па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» Чорнай І.А. Акрамя таго, у школе ствараюцца добрыя ўмовы для праходжання вытворчай (педагагічнай у навучальных установах) практыкі студэнтамі факультэта фізічнага выхавання.

Кафедра спартыўных дысцыплін і методык іх выкладання

Падзяліцца: