КВЗ пакаленняў

28 сакавіка 2019 года на базе дзяржаўнай установы «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна г. Брэста» прайшло мерапрыемства «КВЗ пакаленняў», прысвечанае Міжнароднаму Дню Смеху. У гумарыстычным спаборніцтве прынялі ўдзел дзве каманды: магістранты псіхолага-педагагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна (кіраўнікі – Былінская М.В. і Севярын А.В.) і прадстаўнікі грамадскай асацыяцыі пажылых людзей «Пазітыў».

У праграму гумарыстычных спаборніцтваў уваходзілі конкурсы «Прывітанне», «Размінка», «Хатняе заданне». Каманды спаборнічалі ў гумарыстычным біятлоне, музычных і танцавальных конкурсах. Асобным этапам турніру стала спецыяльнае конкурснае заданне ад брэсцкага падраздзялення МНС.

Магістранты паказалі выступленне згуртаванай і творчай каманды, выдатнае веданне правілаў пажарнай бяспекі і прафілактыкі надзвычайных здарэнняў. Прадстаўнікі грамадскай асацыяцыі пажылых людзей «Пазітыў» парадавалі аптымізмам і пазітывам, арыгінальнасцю конкурсу «Хатняе заданне».

Падчас праведзенага мерапрыемства людзі розных пакаленняў змаглі пагутарыць, абмяняцца жыццёвым вопытам, прадэманстраваць знаходлівасць і гумар, паказаць свае творчыя здольнасці. Арганізацыя такіх мерапрыемстваў – гэта выдатная магчымасць людзям рознага ўзросту праявіць свае крэатыўныя, арганізатарскія і лідарскія якасці.

Аляксей Севярын,
нам. дэкана па навуковай працы псіхолага-педагагічнага факультэта, дацэнт

Падзяліцца: