З Днём Канстытуцыі!

15 сакавіка адзначаецца адно з галоўных святаў – Дзень Канстытуцыі. 25 гадоў назад наша краіна набыла статус прэзідэнцкай, і чвэрць стагоддзя назад Канстытуцыя стала асноўным Законам суверэннай Беларусі, юрыдычным падмуркам незалежнасці, правоў і свабод грамадзян.

У гэты святочны дзень у нашым універсітэце, як і па краіне ў цэлым, адбыліся святочныя мерапрыемствы. Выстава «Асноўны Закон Беларусі: гісторыя і сучаснасць» папярэднічала ўрачыстасці. Пасля выканання гімна Рэспублікі Беларусь з прывітальным словам выступіла прарэктар па выхаваўчай працы БрДУ імя А.С. Пушкіна Таццяна Сакалова. Яна дала наказ моладзі памятаць пра тое, што будучыня краіны, у якой створаны ўсе ўмовы для вучобы і развіцця талентаў, за маладымі людзьмі. Затым Таццяна Васільеўна ўручыла моладзевыя білеты новым членам ПА ГА «БРСМ» універсітэта, а таксама Канстытуцыю тым навучэнцам, якія 15 сакавіка адзначаюць свой дзень нараджэння.

Свята, прысвечанае падзеі, якая аказала лёсавызначальны ўплыў на развіццё беларускай дзяржавы, завяршылася выкананнем песень, што славяць Беларусь.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: