-
Універсітэт
224016, Рэспубліка Беларусь, г. Брэст, бульвар Касманаўтаў, 21
+375 162 37-00-96 (тэлефон)
box@brsu.by -
Факультэты
-
Адукацыя
224016, г. Брэст, бульвар Касманаўтаў, 21, кабінет № 217/1
+ 375 162 37-01-27
marzans@brsu.by -
Навука
224016, г. Брэст, бульвар Касманаўтаў, 21, кабинет № 207
+375 162 21-66-86
nis@brsu.by
inovac@brsu.by - Абітурыенту
- Студэнту
- Замежным грамадзянам
-
Міжнародная дзейнасць
224016, г. Брэст, бульвар Касманаўтаў 21, вучэбны корпус № 1, кабінет № 117
+375 162 37-01-29 (тэлефон)
+375 29 21-06-115 (мабільны тэлефон)
int@brsu.by - Паслугi
З прэм’ерай! У БрДУ адбыўся спектакль «Свеціць, ды не грэе» Паўла Бекіша
Дзе знайсці шчасце? Адны шукаюць яго ў любові, іншыя – у прафесіі, а трэція і зусім у яго пошуках з’язджаюць за сотні кіламетраў. Адказаць на гэтае пытанне ў далёкім 1880 г. паспрабавалі Аляксандр Астроўскі і Мікалай Салаўёў у п'есе «Свеціць, ды не грэе». Па гэтым творы ставіліся спектаклі ў розных тэатрах. 12 красавіка 2018 года сваю інтэрпрэтацыю прадставілі і студэнты БрДУ пад кіраўніцтвам рэжысёра Паўла Бекіша.
Не дзіўна, што студэнцкая прэм’ера сабрала цэлую залу, бо Павел Дзмітрыевіч вядомы ўсім як рэжысёр вышэйшай катэгорыі, які ўдзельнічаў у стварэнні кінастужак «Анюціна дарога» і «Факір на гадзіну» на кінастудыі «Беларусьфільм», а таксама дакументальных фільмаў «Кніга неўміручасці», «Новае Палесся» і іншых для тэлебачання.
Гульня святла, музычныя падложкі, грым і дэкарацыі – усё было на вышэйшым узроўні. Але галоўная мэта рэжысёра – паказаць змест п’есы, раскрыць сутнасць закранутых праблем.
Дзеянне пастаноўкі разгортваецца з прыездам землеўласніцы Ганны Уладзіміраўны Рэневай у маёнтку з мэтай яго продажу. Але на першы план вылучаюцца рамантычныя адносіны яе бліжэйшага суседа Барыса Барысыча і дачкі былога аканома яе маёнтка Олі Васільковай. Маладыя мараць пра будучыню, але ў іх жыццё ўмешваецца Рэнева і губіць яго. Спачатку яна толькі думае аб тым, што ёй было б не так сумна ў сваёй адзіноце, калі разбурыцца шчасце пары, якая гуляе ў маёнтку. Пазней Рэнева кажа: «...так бы ўзяла ды і разбіла цяпер гэтае чужое шчасце!..»
Калі Рэнева схільная да парыву сваіх думак і пачуццяў, то Барыс Барысыч – да ўплыву іншых людзей, у прыватнасці, самой Ганны Уладзіміраўны. Яго не задавальняе, што нявеста Оля не хоча жыць з ім да сватаўства, і, магчыма, таму ён не можа адмовіць землеўласніцы ў прагулянках. Іх страсная сустрэча становіцца трагедыяй для Олі, якая кідаецца ў раку.
Гэты ўчынак шмат чаму навучыў усіх, у першую чаргу – Барыса Барысыча, які зразумеў, што не трэба было шукаць шчасце, калі яно доўгі час знаходзілася побач з ім. Ён не можа жыць з адкрытай яму ісцінай і сам карае смерцю сябе – кідаецца з абрыву і разбіваецца.
Слова «разбіваецца» тут з’яўляецца адным з ключавых, дзеянні, звязаныя з ім, сімвалічныя. Як такой сістэмы сімвалаў у п’есе няма, але адзін сімвал не заўважыць немагчыма – гэта падаючы посуд. І, трэба аддаць належнае рэжысёру студэнцкага тэатра, ён акцэнтуе ўвагу на гэтым, не забыўшыся, што першапачатковая назва п’есы – «Разбітае шчасце».
Дарэчы, яшчэ ў пачатку п’есы, калі посуд пастаянна б’ецца, аўтары і рэжысёр даюць падказку, якім будзе фінал. Прынята лічыць, што разбіць кубак – на шчасце, тут жа галоўная роля адведзена самому слову «разбіваецца». Ды і нездарма посуд б’ецца ў доме памешчыцы, якая хацела разбурыць чужое жыццё. Што ж, у такім выпадку атрымліваецца, што разбіты на асколкі посуд усё ж такі выступае яркай ілюстрацыяй прыметы.
Ганна Уладзіміраўна маладосцю і прыгажосцю выпраменьвае святло, але застаецца халоднай, не здольнай на сур’ёзныя адносіны і глыбокія пачуцці. Сапраўды, свеціць, ды не грэе.
Эмацыйнасць студэнтаў-акцёраў, іх не толькі знешняе, але і ўнутранае пераўвасабленне, поўнае яднанне са сваімі персанажамі з’яўляюцца вынікам вялікай плённай працы, праробленай рэжысёрам, разумення паміж ім і трупай.
Спрабуючы адказаць на пытанне «Дзе знайсці шчасце?», студэнты ігрой і інтанацыямі здолелі паказаць галоўнае: агульначалавечыя каштоўнасці, такія як каханне і сям’я – вельмі далікатныя, яны падобныя да чашы і могуць за лічаныя хвіліны ператварыцца ў тысячы абломкаў. Таму так важна іх берагчы.
З прэм’ерай Паўла Бекіша і яго трупу павіншавала прарэктар па выхаваўчай працы Таццяна Сакалова. Яна ўручыла Паўлу Дзмітрыевічу кветкі, памятны падарунак ад універсітэта і падзякавала ўсім ўдзельнікам прэм’еры за цудоўны спектакль.
З нецярпеннем чакаем пастаноўкі «Свеціць, ды не грэе» ў выкананні іншай студэнцкай трупы.
Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба
Фота: Юлія Воўк і Дзмітрый Кухарчук