Нашы «замежнікі» – лепшыя ў рэгіёне

З вялікім спісам перамог вярнуліся з Баранавічаў нашы студэнты. 3 красавіка на Штогадовай рэгіянальнай алімпіядзе па замежных мовах гонар ВНУ адстойвалі 19 знаўцаў англійскай, нямецкай, іспанскай і французскай моў. Асаблівасць конкурсу – у тым, што для яе ўдзельнікаў замежная мова не з’яўляецца профільным прадметам, але будучыя спецыялісты ўжо са студэнцкай лавы думаюць на перспектыву і мовы не запускаюць. У Баранавічы студэнты адправіліся з выкладчыкамі кафедры замежных моў, якія не толькі суправаджалі сваіх выхаванцаў, але і ўвайшлі ў склад журы алімпіяды.

Падчас двух тураў лінгвістычнага спаборніцтва па кожнай з чатырох моў вызначылася тройка пераможцаў. Сярод «англічан» не было роўных Аляксандры Ялец, другакурсніцы юрфака, якая заняла першае месца. Бронза сярод знаўцаў мовы Шэкспіра была прысуджана Мікіце Дзмітраніцы, які прадстаўляў той жа факультэт. Канкурэнтам не атрымалася абысці студэнтаў нашага ўніверсітэта і ў нямецкай мове, дзе лепшым назвалі студэнта трэцяга курса фізіка-матэматычнага факультэта Юрыя Курыжку.

Па французскай мове студэнты БрДУ імя А.С. Пушкіна таксама ў лідарах: другое месца заняла другакурсніца юрыдычнага факультэта Дар’я Ляшчынская. Не саступілі месца ў тройцы лепшых і нашы «іспанцы» – першакурснік юрфака Павел Ляпеха атрымаў дыплом за трэцяе месца.

Вызначыўшыся з пераможцамі алімпіяды, журы таксама адзначыла спецыяльнымі намінацыямі тых студэнтаў, якія да запаветнага дыплома ледзь-ледзь не дацягнулі, але пры гэтым прадэманстравалі талент і здольнасць да моў. Так, «Лепшым аратарам» конкурсу стаў першакурснік Андрэй Божык, які вывучае правазнаўства. Намінацыя «За лепшае экспрэсіўнае выказванне» таксама была прысуджана студэнтцы юрыдычнага факультэта Анастасіі Кісляк. Званне «Майстар вуснага маўлення» атрымаў Аляксей Лукашэвіч, які прадстаўляў на алімпіядзе факультэт фізвыхавання. А студэнтка геаграфічнага факультэта Яна Асіюк была адзначана намінацыяй «За любоў да прыроды».

Дарэчы, рэгіянальная студэнцкая алімпіяда па замежных мовах для няпрофільных спецыяльнасцей даўно ўжо стала традыцыяй. Штогод лепшых знаўцаў выбіраюць на базе аднаго з ВНУ Брэстчыны. І калі ў першыя гады алімпіяда праводзілася сярод двух універсітэтаў вобласці, то зараз у спісе ўдзельнікаў усе чатыры альма-матар рэгіёна.

Вольга Лебедзева

Падзяліцца: