УНІВЕРСІТЭТ УШАНОЎВАЕ ВЫПУСКНІКА: званне «Ганаровы доктар БрДУ імя А.С.Пушкіна» прысвоена Уладзіміру Гніламёдаву

27 сакавіка Рада ўніверсітэта вітала свайго знакамітага выпускніка – выдатнага айчыннага вучонага-філолага, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, доктара філалагічных навук, прафесара, крытыка, пісьменніка, Лаўрэата прэміі імя Уладзіміра Калесніка і НАН РБ Уладзіміра Васільевіча Гніламёдава, які прызнаны годным звання «Ганаровы доктар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна».

Акрамя мантыі Ганаровага доктара, Уладзімір Васільевіч атрымаў з рук рэктара Ганны Мікалаеўны Сендзер сімвалічны падарунак – заліковую кніжку студэнта Гніламёдава, у якой былі толькі выдатныя і ўсяго некалькі добрых адзнак.

Віншуючы У.В. Гніламёдава, Г.М. Сендер адзначыла заслугі вучонага перад беларускай навукай, яго значны ўклад у падрыхтоўку маладых навукоўцаў, высокі прафесіяналізм і адданасць любімай справе.

У слове ў адказ Уладзімір Васільевіч падкрэсліў, што яму прыемна атрымаць такое высокае званне менавіта ў альма-матар, таму што ён ніколі не парываў сувязяў ні з Брэстчынай, ні з Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам.

Ушанаванне знакамітага выпускніка доўжылася на філалагічным факультэце ў фармаце творчай сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі, работнікамі культуры і настаўнікамі Камянеччыны – малой радзімы У.В. Гніламёдава.

Падзяліцца: