Клуб «Дыялог культур» і Дзень незалежнасці Туркменістана

28 кастрычніка ў межах працы клуба «Дыялог культур» было арганізавана свята «Туркменістан – мая Айчына!» да Дня незалежнасці Туркменіі. Клуб «Дыялог культур» аб'яднаў студэнтаў розных факультэтаў і курсаў, розных нацыянальнасцей. Сярод удзельнікаў клуба найбольшая колькасць прадстаўнікоў Туркменістана. Стварэнне такога клуба, як «Дыялог культур» на базе нашага ўніверсітэта, не з'яўляецца выпадковым, бо ўніверсітэцкае асяроддзе сёння запоўненае студэнтамі, магістрантамі з розных краін Азіі і Еўропы (навучаецца ў нас таксама прадстаўніца ЗША). Акрамя таго, у геапалітычным дачыненні Брэст размешчаны на скрыжаванні розных культур, у ім пражываюць прадстаўнікі розных народаў як носьбіты сваёй культуры.

Клуб «Дыялог культур» запрасіў на свята ўсіх жадаючых. Адкрываючы свята, кіраўнік клуба дацэнт З.С. Ляўчук адзначыла, што ў сучасным свеце веданне культуры іншых народаў узбагачае духоўны свет чалавека, дапамагае яму хутчэй інтэграваць у соцыум.

Вечар пачаўся з прагляду фільма «Welcome to Turkmenistan!», які перанёс удзельнікаў і гасцей у прыгожую краіну Туркменію. На вечары прагучалі вершы вядомага паэта Мактумкулы «Будучыня Туркменіі», прачытаныя на туркменскай і рускай мове.

У праграме вечара былі прадстаўлены яркія прэзентацыі: «Ад гісторыі да сучаснасці», «Туркменістан культурны», падрыхтаваныя студэнтамі геаграфічнага факультэта Пірджанавай Гульшат і Таіравай Джэрэн. Студэнтка гэтага ж факультэта Атаханава Мерджэн пакарыла ўсіх цудоўным выкананнем туркменскага нацыянальнага танца.

Студэнт фізіка-матэматычнага факультэта Худайбердыеў Максат паказаў прэзентацыю «Туркменістан спартыўны». Культываванне спорту ў Туркменіі паднята на высокі дзяржаўны ўзровень, а асаблівасцю спартыўнага жыцця краіны з'яўляюцца конныя скокі. Дарэчы, ахалтэкінскі конь з'яўляецца брэндам Туркменіі, нідзе ў свеце няма падобных коней.

Для гасцей была праведзена віктарына «Туркменістан далёкі і блізкі», мэтай якой было выявіць не толькі веданне гісторыі і культуры Туркменіі беларускімі студэнтамі, але і валоданне туркменскай мовай. Аказалася, што не выпадкова ўжо пяты год ва ўніверсітэце вучацца прадстаўнікі туркменскага народа. Так, сярод беларускіх студэнтаў-філолагаў ёсць тыя, якія могуць размаўляць па-туркменску, менавіта яны і атрымалі туркменскія сувеніры.

Сярод гасцей свята былі выкладчыкі ўніверсітэта, студэнты, навучэнцы гандлёвага каледжа. Ад імя гасцей павіншавалі навучэнцаў з Днём незалежнасці Туркменістана дацэнт кафедры рускага мовазнаўства Л.А. Гадуйка і спецыяліст прафкама студэнтаў Марына Праскурава. Л. Гадуйка адзначыла, што незалежнасць краіны – гэта вялікі здабытак народа, якім трэба ганарыцца і што трэба берагчы.

Прысутнічаючы на вечары, мы дакрануліся да іншай культуры, адрознай ад нашай, аднак вельмі цікавай і непаўторнай.

Клуб «Дыялог культур»

Падзяліцца: