Эфектыўная прафарыентацыя: пошукі і спосабы рашэння

28 кастрычніка 2014 года Цэнтр «Прафарыенцір» арганізаваў інфармацыйна-метадычны семінар «Эфектыўная прафарыентацыя: пошукі і спосабы рашэння». У абмеркаванні праблемы прынялі ўдзел дэканы і іх намеснікі, загадчыкі кафедраў, выкладчыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, псіхолагі цэнтра «Прафарыенцір».

З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуўся прарэктар па вучэбнай працы ўніверсітэта Яўген Дзмітрыевіч Осіпаў.

Кіраўнік цэнтра «Прафарыенцір» Марыя Сцяпанаўна Кавалевіч акцэнтавала ўвагу ўдзельнікаў семінара на актуальнасці праблемы прафарыентацыі ў сувязі са складанай дэмаграфічнай сітуацыяй у краіне і звярнулася да вопыту арганізацыі такой дзейнасці ў краінах з высокай псіхалагічнай культурай: ЗША, Францыя, Вялікабрытанія, Германія, Японія.

Перад удзельнікамі семінара былі сфармуляваны мэты і задачы прафарыентацыйнай працы на гэты навучальны год:

  1. Забеспячэнне якаснага набору абітурыентаў, выкарыстоўваючы найважнейшыя канкурэнтныя перавагі ўніверсітэта.
  2. Арганізацыя сістэматычнай прафарыентацыйнай працы на працягу года для забеспячэння ўстойлівых сувязяў паміж універсітэтам, адукацыйнымі ўстановамі, прадпрыемствамі горада і рэгіёна.
  3. Павышэнне іміджу БрДУ як вядучай навучальнай установы вобласці ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў для прадпрыемстваў, арганізацый і УА.
  4. Арганізацыя працы Клуба цікавых сустрэч, у межах якога праводзіць сустрэчы з паспяховымі людзьмі горада, выпускнікамі ўніверсітэта.
  5. Прыцягненне валанцёраў-прафарыентолагаў студэнцкага атрада «Перспектыва» да прафарыентацыйнай працы ў школах.

Кіраўнік Цэнтра «Прафарыенцір» прапанавала мадэль арганізацыі прафарыентацыйнай дзейнасці на факультэтах, падкрэсліла асаблівасці дзейнасна-развіццёвай мадэлі арыентацыі школьнікаў на педагагічную прафесію.

Цікавасць у слухачоў выклікала прэзентацыя псіхолага цэнтра «Прафарыенцір» А.М. Дубіны «Фірмавы стыль як адна з умоў эфектыўнай прафарыентацыі». З мэтай павышэння ўзроўню рэкламы ўніверсітэта ўдзельнікі семінара выказалі прапанову аб распрацоўцы і ўкараненні фірмавай прадукцыі БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Цэнтр «Прафарыенцір»

Падзяліцца: