Завяршылася выстава-кірмаш у Зімовым садзе

7 сакавіка завяршылася выстава-кірмаш, якая праходзіла ў Зімовым садзе з 13 лютага. Рамеснікі з Брэста і Брэсцкай вобласці паказалі наведвальнікам свае цудоўныя тварэнні. На выставе радавалі вока беларускія нацыянальныя касцюмы і ручнікі, мяккія цацкі, свечкі, кольцы з тканіны ў выглядзе маленькіх лялечак, завушніцы, бранзалеты, калье, духмянае мыла, цукерачныя букеты, вышытыя крыжыкам і бісерам карціны, беларускія абярэгі і многае-многае іншае.

Кожную нядзелю праходзілі майстар-класы, на якіх рамеснікі вучылі ўсіх жадаючых свайму майстэрству. Жадаючых было шмат, таму запісвацца людзям давялося загадзя. Сярод прафесійных майстроў сваёй справы былі таксама выкладчыкі і супрацоўнікі нашага ўніверсітэта, для якіх рукадзелле з’яўляецца любімым захапленнем, якому яны прысвячаюць свой вольны час.

Выстава-кірмаш са сваімі выдатнымі ўзорамі народнага мастацтва стала веснікам вясны. Час для яе быў выбраны не выпадкова – менавіта гэты перыяд года максімальна насычаны святамі: Дзень Усіх Закаханых, Дзень Абаронцаў Айчыны, Масленіца і вядома ж Міжнародны Жаночы Дзень. Пасля наведвання кірмашу людзі выходзілі з ўсмешкамі і палкім бляскам вачэй, а таксама і з пакупкамі. Супрацоўнікі Зімовага саду адзначаюць, што ў час выставы значна ўзрасла і колькасць наведвальнікаў экспазіцый. Было б выдатна, калі б правядзенне такіх выстаў-кірмашоў увайшло ў традыцыю.

Са святам Вясны !!!

Алеся Сіманоўская,
студэнтка 4-га курса
філалагичнага факультэта

Падзяліцца: