«З песняй па праву-2016» – поспех забяспечаны удзелам

1 красавіка прайшоў традыцыйны, пяты па ліку, творчы конкурс «З песняй па праву» – аўтарскі праект дацэнта кафедры крымінальна-прававых дысцыплін, кандыдата юрыдычных навук Сяргея Міхайлавіча Храмава. Поспех конкурсу забяспечыў удзел як ужо вопытных, так і новых студэнцкіх каманд.

Конкурс праходзіў у дзвюх намінацыях – «Юрысты» і «Артысты». У сувязі з гэтым выступленні студэнтаў ацэньвалі два журы. Юрыдычнае журы ўзначаліў нязменны яго старшыня – кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Лосеў Уладзімір Уладзіміравіч. Другое журы, музычнае, упершыню ўзначаліла кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, загадчык кафедры крымінальна-прававых дысцыплін Іванчына Вольга Мікалаеўна.

Конкурс праходзіў у напружанай барацьбе. Вынікі ў намінацыі «Юрысты» падвёў Лосеў У.У. Яго выступленне стала па сваёй сутнасці майстар-класам па крымінальным праве для будучых юрыстаў.

Агульныя вынікі конкурсу такія:

  • Намінацыя «Артысты»:
    • першае месца – каманда «ТАКіДА»,
    • другое месца – каманда «Аддзел па барацьбе з арганізаваным гультайствам»,
    • трэцяе месца – каманда «Хачу да Вівальдзі»,
    • прыз глядацкіх сімпатый прысуджаны камандзе «Лепшыя Следчыя Дзеячы».
  • Намінацыя «Юрысты»:
    • першае месца падзялілі каманды «Нас не дагоняць» і «Моцная каманда» (яны набралі роўную колькасць балаў),
    • другое месца – каманда «Крымінальнае чытво»,
    • трэцяе месца – каманда «3 мядзведзі».

Пакуль журы падводзіла вынікі, па-за конкурсам выступілі Крысціна Зінчук (3 курс) і Юрашэвіч Арцём (2 курс).

Конкурс адбыўся ў Дзень смеху. Таму, акрамя конкурснай праграмы, не абышлося без жартаў і розыгрышу. Высокі ўзровень і папулярнасць мерапрыемства пацвердзілі як аншлаг, так і асвятленне яго вынікаў у сродках масавай інфармацыі.

Неабходна адзначыць уклад у поспех мерапрыемства памочнікаў арганізатара конкурсу, гукарэжысёраў і фатографаў. Пасля фотарэпартаж Таццяны Кінчак быў прызнаны лепшым па выніках адкрытага галасавання ў Інтэрнэце.

С.М. Храмаў

Падзяліцца: