Юныя журналісты атрымалі заслужаныя ўзнагароды і паспрабавалі сябе ў якасці студэнтаў

14 лістапада на філалагічным факультэце прайшла ΙΙ канферэнцыя вучнёўскай і студэнцкай моладзі «Прафесія – журналіст», арганізаваная кафедрай журналістыкі. У форуме прынялі ўдзел школьнікі 8-11 класаў з Брэста і Брэсцкай вобласці.

У гэтым годзе канферэнцыя крыху змяніла фармат. Удзельнікі канферэнцыі атрымалі магчымасць адчуць сябе студэнтамі: выкладчыкі кафедры правялі адкрытыя заняткі па журналісцкіх дысцыплінах. Вучні разам са студэнтамі-журналістамі спасцігалі этычныя аспекты журналісцкай прафесіі (дысцыпліна «Прафесійная этыка журналіста» – дацэнт С.С. Клундук), рэдагавалі публіцыстычныя тэксты (дысцыпліна «Літаратурнае рэдагаванне» – дацэнт Я.І. Абрамава), разбіраліся ў праблеме беспрацоўя (дысцыпліна «Сацыяльна-эканамічная праблематыка ў сучасным друку» – дацэнт Л.В. Скібіцкая).

У другой частцы канферэнцыі адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і ўдзельнікаў ΙΙ завочнай алімпіяды па журналістыцы (з вынікамі можна азнаёміцца на старонцы кафедры). Дыпломы і падарункі ўручалі намеснік дэкана філалагічнага факультэта Л.І. Яўдошына, выкладчыкі кафедры журналістыкі.

Лідар завочнай алімпіяды ў камандным заліку – Брэст (8 дыпломаў), другое месца ў прадстаўнікоў сярэдніх навучальных устаноў г. Пінска і Пінскага раёна (6 дыпломаў), трэцяе месца падзялілі вучні г. Іванава і Іванаўскага раёна і г. Бяроза і Бярозаўскага раёна (па 4 дыпломы). 3 дыпломы ў каманды г. Кобрына і Кобрынскага раёна, 2 дыпломы - г. Жабінка і Жабінкаўскі раён, па 1 дыпломе - у прадстаўнікоў Ляхавіцкага і Маларыцкага раёнаў.

Удзельнікам канферэнцыі былі падрыхтаваны спецыяльныя ўзнагароды. Прызы ад абласной газеты «Зара» ў намінацыях «Сенсацыя» і «Лепшая рэцэнзія» ўручыў галоўны рэдактар А.А. Лагвіновіч. Спецыяльны прыз (блакнот і ручку з сімволікай БрДУ імя А.С. Пушкіна) і дыплом у намінацыі «Лепшы PR-тэкст» атрымала вучаніца 11 класа ДУА «Олтушская сярэдняя школа» Маларыцкага раёна Цікун Анастасія.

Актыўны ўдзел у правядзенні канферэнцыі прынялі студэнты-журналісты. Трэцякурснікі забяспечылі сардэчны прыём гасцям і ўдзельнікам мерапрыемства, а студэнт 5 курса Дзяніс Трацюк здолеў пераканаць удзельнікаў у тым, што часам можна і трэба кіраваць («Time-menegment»).

У завяршэнне канферэнцыі ўдзельнікі атрымалі арыгінальныя сертыфікаты, распрацаваныя студэнтам 5 курса Д. Шыферштэйнам.

Кафедра журналістыкі

Падзяліцца: