Юлія Несцярэнка завяршыла спартыўную кар’еру

У маі алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка абвясціла аб завяршэнні спартыўнай кар’еры. 31 мая на стадыёне «Брэсцкі» падчас Кубка Беларусі па лёгкай атлетыцы і чэмпіянату па кіданнях яна прабегла сімвалічную апошнюю стаметроўку і адпусціла ў неба шары з таблічкай, на якой быў паказаны яе вынік, дасягнуты на Алімпіядзе-2004. Сімвалічна, што сысці з вялікага спорту Юлія вырашыла ў Брэсце, бо менавіта тут зрабіла першыя крокі па гэтай сцяжыне. Выпраўляць чэмпіёнку, выпускніцу БрДУ імя А.С. Пушкіна, прыйшлі прарэктар па выхаваўчай працы ўніверсітэта Таццяна Сакалова, дэкан факультэта фізічнага выхавання Сяргей Суркоў, трэнеры спартсменкі Сяргей Салямановіч і Віктар Ярашэвіч, а таксама больш за дзвесце студэнтаў розных факультэтаў.

Юлія Несцярэнка пагутарыла з балельшчыкамі і журналістамі. Яна расказала, якім быў яе шлях да спартыўнага Алімпа, і падзялілася планамі. «Белая маланка», як яе назвалі пасля перамогі ў бегу на сто метраў на Алімпійскіх гульнях у Афінах, хоча трэніраваць дзяцей, каб падрыхтаваць іх да алімпійскіх трыумфаў. У дзень развітання з прафесійным спортам Юлія Несцярэнка адзначыла, што дабіцца поспехаў на гэтай дарозе ёй дапамаглі талент, мэтанакіраванасць, любоў да таго, чым займаешся, вера ў сябе і, вядома, падтрымка родных, блізкіх і трэнераў. Менавіта гэтага яна і пажадала тым, хто хоча прысвяціць сваё жыццё спорту.

У канцы сустрэчы Юліі Несцярэнка ўручылі падзячны ліст ад рэктара ўніверсітэта, прафесара Ганны Сендзер, а таксама падарылі кветкі і карціну, напісаную студэнтамі БрДУ – у знак таго, што ў сценах яе alma mater ёю ганарацца і ставяць у прыклад навучэнцам.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: