Віншавальная акцыя “Мы помнім усіх пайменна”

Напярэдадні Дня Вялікай Перамогі студэнты псіхолага-педагагічнага факультэта, валанцёры атрада “Садзеянне” пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры педагогікі пачатковага навучання Н.Г.Чубінашвілі правялі віншавальную акцыю “Мы помнім усіх пайменна”. Студэнты павіншавалі з Днём Перамогі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, былога выкладчыка псіхолага-педагагічнага факультэта Зінаіду Аляксееўну Бараўкову, уручылі падарункі, перададзеныя прафкамам выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта і Саветам ветэранаў.

Студэнты актыўна цікавіліся фактамі ваеннай біяграфіі ветэрана. Зінаіда Аляксееўна расказала пра гераічныя ваенныя гады, пра свой удзел у вайне ў якасці медыцынскай сястры ў дыверсійнай партызанскай групе, дабавіўшы, што яна прайшла ўсё, што было ў гэтай страшнай, бязлітаснай вайне, якая пачалася для яе ў 15 гадоў. З.А.Бараўкова таксама ўдзельнічала ў арганізацыі лясной школы ў Брэсцкім раёне. Зінаіда Аляксееўна заклікала студэнтаў не заставацца раўнадушнымі і берагчы мір і шчасце – сваё і сваіх родных!

Акцыя прайшла ў духу павагі, даверу і інтарэсу аднаго да другога. Такія мерапрыемствы падымаюць патрыятычны настрой студэнцкай моладзі, даюць добрую падставу звярнуцца да гісторыі сваёй  Айчыны. Таму арганізатары лічаць неабходным напамінаць пра знакавыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, і, канешне ж, заклікаць маладое пакаленне акружыць клопатам і ўвагай тых ветэранаў, якія жывуць побач.

Кафедра педагогікі пачатковага навучання

Падзяліцца: