Усебеларускі злёт «ЧАС РУХУ» БЗА 2019

Штогод у Рэспубліцы праводзіцца конкурс на лепшы студэнцкі атрад і лепшую прымаючую арганізацыю. З 29 лістапада па 1 снежня студатрадаўцы і ветэраны студатрадаўскага руху сабраліся на Усебеларускі злёт «ЧАС РУХУ», які аб’яднаў больш за 400 байцоў і гасцей расійскіх студэнцкіх атрадаў.

У склад дэлегацыі Брэсцкай вобласці ад нашага ўніверсітэта ўвайшлі байцы зводнага атрада «Лідар БрДУ» (будаўнічыя атрады «Косава 2019», «Світанак», «Юпітэр» і педагагічныя атрады «Новае пакаленне» і «Лідар»).

Урачыстае закрыццё трэцяга працоўнага семестра – 2019 адбылося ў канцэртнай зале ЗАТ «Атлант». Пры падвядзенні вынікаў заслужаныя ўзнагароды былі ў руках профільных атрадаў (будаўнічы, вытворчы, сельскагаспадарчы, экалагічны, педагагічны, медыцынскі, сэрвісны і выязны сэрвісны). Лепшым педагагічным атрадам у чарговы раз прызнаны атрад нашага ўніверсітэта «Палымяныя сэрцы» (Бярозаўскі раён). Удзячнасцю адзначаны і будаўнічы атрад «Косава 2019» у намінацыі «Лепшы студэнцкі атрад, што працаваў на аб’екце будаўніцтва, якому нададзены статус абласной моладзевай будоўлі». Таксама падзякай уганараваны камандзір гэтага атрада Мікалай Разнічэнка і камісар Ганна Васько.

Праграма злёту была вельмі насычанай і разнапланавай: экскурсія па горадзе з наведваннем прадпрыемстваў г. Мінска; вечар знаёмстваў «Па цаглінцы!»; адукацыйныя праграмы: інтэлектуальныя гульні, гульні на камандаўтварэнне, інтэрактыў па бізнес-мадэляванні, дартс і гіравы спорт, а таксама прэзентацыя праекта «Арктыка – саюзная дзяржава»; квест-праграма; творчы фестываль «Энергія атрада!» і незабыўная музычна-забаўляльная праграма «Байцоўка-паці». Для тых, хто любіць зносіны, дзейнічала пляцоўка перамоваў «Ёсць кантакт!». У рамках злёту прайшоў і фізкультурна-спартыўны комплекс «Змагайся! Імкніся! Перамагай!».

Па выніках Усебеларускага злёту каманда Брэсцкай вобласці атрымала 7 значкоў ФСК, Кубак і заняла 3-е месца.

Штаб працоўных спраў

Падзяліцца: