Урачыстае закрыццё Трэцяга працоўнага семестра Брэсцкай вобласці

Студэнты БрДУ імя А. С. Пушкіна прымаюць актыўны ўдзел у Трэцім працоўным семестры. Гэтая добрая традыцыя стварае ўмовы для грамадска-карыснай дзейнасці навучэнцаў, фарміруе сацыяльную актыўнасць маладых людзей, выхоўвае паважлівае стаўленне адзін да аднаго, спрыяе фарміраванню навыкаў працы ў камандзе.

Лепшыя з лепшых былі запрошаны на Урачыстае закрыццё Трэцяга працоўнага семестра Брэсцкай вобласці, якое адбылося для байцоў з усіх куткоў Брэсцкага рэгіёна ў Палацы водных відаў спорту 20 лістапада. Студэнты нашага ўніверсітэта адзначаны Падзякай у наступных намінацыях:

Лепшы сэрвісны атрад – атрад «Косава 2019» (камандзір – Разнічэнка Мікалай, камісар – Васько Ганна, студэнты гістарычнага факультэта);

Лепшы камісар будаўнічага атрада – Давыдзенка Мікіта, студэнт біялагічнага факультэта (атрад «Світанак»).

Таксама Падзякай адзначаны педагагічны атрад «Брыганціна» (камандзір атрада – Кавалевіч Ірына, студэнтка сацыяльна-педагагічнага факультэта).

Званне «Лепшы педагагічны атрад» Брэсцкай вобласці заслужыў атрад «Палымяныя сэрцы імя А. С. Макаранкі», байцамі якога былі студэнты і выпускнікі нашага ўніверсітэта.

Падарункам для ўсіх удзельнікаў стала масавае катанне на катку Лядовага палаца, арганізаванае абласной арганізацыяй ГА «БРСМ».

Байцы, што прымаюць удзел у студатрадаўскім руху, – гэта сапраўдныя лідары, якія сваёй працай уносяць уклад у развіццё нашай краіны.

Віншуем нашых студэнтаў, байцоў студатрадаў, з заслужанымі ўзнагародамі і жадаем здароўя, невычэрпнай энергіі, удачы і поспехаў.

Штаб працоўных спраў п / а ГА «БРСМ» УА «БрДУ імя А. С. Пушкіна»

Падзяліцца: