Універсітэцкі турнір па інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?»

30 сакавіка 2016 года прайшоў універсітэцкі турнір па інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?» сярод факультэцкіх каманд нашага ўніверсітэта. Удзел у турніры прынялі 15 каманд гістарычнага, юрыдычнага, сацыяльна-педагагічнага і фізіка-матэматычнага факультэтаў.

У ходзе напружанай барацьбы першае месца заняла каманда гістарычнага факультэта «Старая Келля», другое – каманда фізіка-матэматычнага факультэта «Жырыкі», трэцяе «Кексікі з апраметнай» (гістарычны факультэт). Кожная каманда-прызёр у якасці прыза атрымала каробку цукерак, падрыхтаваную прафкамам студэнтаў.

Але самае цікавае адбылося ў канцы гульні. На апошняе, восьмае месца, прэтэндавалі дзве каманды: «Вялікі Д» з юрыдычнага факультэта і «Будучыя ПТУушнікі» з гістарычнага факультэта, у якіх была аднолькавая колькасць балаў, а таксама аднолькавы рэйтынг. Прыйшлося правесці «дуэль» паміж гэтымі дзвюма камандамі. Пераможцам стала каманда юрыдычнага факультэта «Вялікі Д». Першыя восем каманд па рэйтынгу (4 – «Зялёны Гамункул» юрыдычнага факультэта, 5 – «Барбарыскі» фізіка-матэматычнага, 6 – «Аляксандр Пісталетаў» гістарычнага, 7 – «Лімба» фізіка-матэматычнага і 8 – «Вялікі Д») будуць змагацца ў рэгіянальнай гульні «Гульні розуму», якая адбудзецца 5 красавіка 2016 года.

Жадаем усім камандам поспехаў і перамог!

Падзяліцца: