Універсітэт ушаноўвае Ганаровага доктара А.А. Волчака

26 лютага 2016 г. Рада ўніверсітэта вітала выбітнага айчыннага вучонага-гідролага, доктара геаграфічных навук, прафесара, дэкана факультэта інжынерных сістэм і экалогіі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандра Аляксандравіча Волчака, які быў удастоены звання «Ганаровы доктар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна». Рэктар БрДУ прафесар Ганна Мікалаеўна Сендзер ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыла Аляксандру Аляксандравічу дыплом і мантыю Ганаровага доктара.

У адказным слове Аляксандр Аляксандравіч сказаў, што для яго вялікі гонар атрымаць такое высокае званне, таму што з БрДУ імя А.С. Пушкіна яго звязвае шматгадовае плённае супрацоўніцтва. У БрДУ А.А. Волчак чытаў лекцыі па дысцыпліне «Агульная гідралогія і гідралогія Беларусі», працаваў старшынёй дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі на геаграфічным факультэце. Пад кіраўніцтвам Аляксандра Аляксандравіча абаронена 6 кандыдацкіх дысертацый, тры з іх – выкладчыкамі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна: А.І. Градуновай, І.М. Шпокай, Т.А. Шэлест. У цяперашні час А.А. Волчак кіруе падрыхтоўкай дзвюх дысертацый даследчыкаў з нашага ўніверсітэта (І.В. Бульскай, А.А. Санелінай).

А.А. Волчак – вядомы вучоны ў галіне гідралогіі, воднай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя. Аўтар больш за 600 навуковых прац (у тым ліку 10 манаграфій, 6 навучальных дапаможнікаў, 2 дапаможнікаў, 7 вынаходак). А.А. Волчак – лаўрэат прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2007 года за цыкл навуковых прац «Даследаванне гідралагічнага і кліматычнага рэжымаў тэрыторыі Беларусі: сучасны стан, змены і прагноз», выкананых у суаўтарстве з акадэмікам НАН Беларусі У.Ф. Логінавым.

Пасля ўдзелу ў пасяджэнні Рады ўніверсітэта прафесар А.А. Волчак прачытаў лекцыю на тэму «Меры па адаптацыі да змены клімату ў воднай гаспадарцы Беларусі» для студэнтаў 3 курса спецыяльнасці «Геаграфія».

Віншуем Аляксандра Аляксандравіча і жадаем яму далейшых творчых поспехаў!

Дэканат геаграфічнага факультэта

Падзяліцца: