Універсітэт убачыў «Новыя імёны Беларусі-2016»

10 снежня ва ўніверсітэце прайшоў адборачны этап Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці «Новыя імёны Беларусі-2016». Конкурс быў абвешчаны Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі ў кастрычніку 2015 года з мэтай далучэння чалавека працы да культурнага, здаровага вольнага часу і папулярызацыі аматарскай мастацкай творчасці.

Сярод студэнтаў універсітэта конкурс праводзіўся па наступных напрамках сцэнічнай творчасці: вакальная, харэаграфічная, тэатральная і інструментальная. Студэнцтва прадставіла 15 творчых нумароў (30 удзельнікаў) ад усіх 10 факультэтаў. Сваю творчасць паказалі Данііл Віркоўскі (філалагічны факультэт, урывак з п’есы А. Дзялендзіка «Аперацыя "Мнагажонец"»), Лізавета Кірылюк (факультэт замежных моў, музычная кампазіцыя «Just tonight»), Вераніка Канявега (псіхолага-педагагічны факультэт, танец «Ружа»), Анастасія Малюк (геаграфічны факультэт, песня «Чакай мяне»), Вольга Маразюк (філалагічны факультэт, песня «Кладачка»), Яніна Прыбытка (фізіка-матэматычны факультэт, танец «Фламенка»), студэнткі сацыяльна-педагагічнага факультэта (вакальна-харэаграфічная кампазіцыя), Наталля Ачапоўская (псіхолага-педагагічны факультэт, гульня на фартэпіяна), Мікалай Вабішчэвіч (факультэт фізічнага выхавання, песня «Званы»), Ірына Замулка (гістарычны факультэт, песня «Балада пра маці»), вакальны квартэт «Алегрыя» (песня «Дым»), вакальнае трыа студэнтак фізіка-матэматычнага факультэта (песня «Мы з табой»), Раман Кот (сцэнічны нумар арыгінальнага жанру), мужчынскае вакальнае трыа «Рух» (песня «А ў полі тры крынічанькі»), тэатральна-харэаграфічная пастаноўка студэнтаў псіхолага-педагагічнага і юрыдычнага факультэтаў «Мары спраўджваюцца».

Уладальнікам спецыяльнага крышталічнага кубка «Новыя імёны Беларусі-2016» і падарункавай карты ад «5 элемента» за 1-е месца стала студэнтка 5 курса гістарычнага факультэта Ірына Замулка, дыплом за 2-е месца і падарункавую карту атрымаў студэнт 1 курса біялагічнага факультэта Раман Кот , дыпломам за 3-е месца і падарункавай картай узнагароджана вакальнае трыа «Рух». Усе ўдзельнікі атрымалі ад прафсаюзнага камітэта студэнтаў памятныя падарункі і дыпломы.

Віншуем пераможцаў!

Прафкам студэнтаў

Падзяліцца: