У БрДУ выбралі «Міс Фізмат–2018»

21 сакавіка 2018 года ў нашым універсітэце адбыўся конкурс артыстычнага майстэрства, прыгажосці і грацыі «Міс Фізмат–2018». У ім удзельнічалі шэсць чароўных студэнтак фізіка-матэматычнага факультэта. Праграма конкурсу ўключала ў сябе інтэлектуальныя і творчыя іспыты, якія кожная з удзельніц годна пераадолела.

Першым конкурсным заданнем стала візітоўка «Што б пра мяне напісалі на Вікіпедыі», падчас якой кожная дзяўчына пастаралася раскрыць сябе як рознабаковую асобу. Этап «Інтэлектуальны» ўдзельніцы прайшлі зараней, таму з нецярпеннем і хваляваннем чакалі на сцэне яго вынікаў.

Традыцыйным выпрабаваннем падобных мерапрыемстваў стала выказванне любові да роднага факультэта. Этап «Фізмат – гэта сіла, або прызнанне ў любві факультэту» паказаў, што ўсе ўдзельніцы кожны дзень з задавальненнем прыходзяць на заняткі і скрупулёзна складаюць праграмы, рашаюць задачы і знаходзяць невядомыя пераменныя ва ўраўненнях.

У туры «За ці супраць?» удзельніцы падзяліліся сваімі думкамі па прапанаваных сцвярджэннях і паказалі навыкі імправізацыі. А ў «Творчым конкурсе» дзяўчаты прадэманстравалі свае вакальныя, танцавальныя і іншыя здольнасці.

На гэтай ноце конкурс завяршыўся. Пасля канцэртнай праграмы, падрыхтаванай студэнтамі ўніверсітэта, журы абвясціла вынікі: звання «Міс Фізмат–2018» была ўганаравана Анастасія Аверчанка. Яна ж стала пераможцам анлайн-галасавання і атрымала намінацыю «Міс Фізмат Анлайн–2018». І віцэ-міс фізмат стала Дзіяна Буцкевіч, а II віцэ-міс фізмат – Сафія Удавенка. Астатнія намінацыі размеркаваліся наступным чынам:

  • «Гарачае сэрца фізмата» – Аліна Чырук;
  • «Прыемнае знаёмства» – Таццяна Ятчук;
  • «Майстар сваёй справы» – Таццяна Шастакевіч.

Спонсары і партнёры конкурсу, нацешыўшыся прыгажосцю, грацыяй і артыстызмам дзяўчат, уручылі ім падарункі.

Ірына Кузьміч, філалагічны факультэт

Падзяліцца: