Тыдзень псіхалогіі: пакой рэлаксацыі і «Ствары сваю маску»

У аўторак, 25 лістапада, у межах «Тыдня псіхалогіі» кабінет сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы (328, корпус №1) ператварыўся ў пакой рэлаксацыі. Рэлаксацыя – вельмі моцны сродак для барацьбы са стрэсам, які да таго ж не адымае шмат часу. Усе прысутныя змаглі акунуцца ў казачную атмасферу ароматэрапіі, пагрузіцца ў свет эмацыйнага камфорту, і проста апынуцца сам-насам з самым блізкім чалавекам – з самім сабой.

Дзякуючы рэлаксацыйным практыкаванням і заспакаяльным мелодыям супрацоўнікі вярталіся на свае працоўныя месцы поўныя жыццёвых сіл і бадзёрасці. Арганізатарам жа калегі выказвалі пажаданні ўвесці ў практыку падобныя заняткі.

Падчас вялікага перапынку ў фае вучэбнага корпуса №1 усе жадаючыя маглі стварыць сваю «Маску». Педагогі-псіхолагі інтэрпрэтавалі «Маскі», выяўляючы патрэбы ў сучаснасці, і дапамагалі ўсведамляць шляхі дасягнення жаданага ў будучыні. А ўспомніўшы герояў мультфільма «Віні-Пух і яго сябры», можна было прайсці экспрэс-дыягностыку, якая хутка і даступна раскрывала індывідуальныя рысы характару і нават падказвала студэнтам галіну прафесійнай дзейнасці для дасягнення імі поспеху.

Вядома, гэта ўсё больш было падобным на жартаўлівую гульню, але ў любым жарце, як гаворыцца, ёсць доля праўды, і асэнсаванне атрыманага выніку – гэта ўжо вынік.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: