Студэнты БрДУ на Венскім балі ў Палацы Незалежнасці

У Беларусі ўжо становіцца традыцыяй завяршаць каляндарны год балем. У гэтым годзе ў нашай краіне ўпершыню адбыўся Венскі баль. 28 снежня ў зале ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці танцавалі больш за сто пар: гэта пераможцы алімпіяд і конкурсаў, прызёры спаборніцтваў – лепшыя з лепшых прадстаўнікоў моладзі. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна на ім прадстаўлялі Мая Бабанава (сацыяльна-педагагічны факультэт), Анастасія Семянюк (біялагічны факультэт), Лізавета Кірылюк (факультэт замежных моў), Ілья Юзвук (гістарычны факультэт), Уладзіслаў Альшэўскі (юрыдычны факультэт) і Уладзіслаў Іванюк (псіхолага-педагагічны факультэт).

Пабываць у галоўным будынку краіны, апрануць бальныя сукенкі і смокінгі, танцаваць побач з Кіраўніком дзяржавы, пачуць яго словы-пажаданні – мара многіх. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рады бачыць шчаслівых, з зіхатлівымі вачыма маладых людзей у цудоўных сукенках і прыгожых фраках. Прыгажосць удзельнікаў балю гарманічна спалучаецца з розумам, адукаванасцю і працавітасцю. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сучаснай моладзі трэба будзе вызначаць вектар развіцця Беларусі, а таму старэйшае пакаленне павінна ўкласці ў іх правільныя арыенціры. Балі – гэта частка духоўнага выхавання. І толькі чалавек, які ўмее захоўваць традыцыі і памнажаць іх, зможа быць па-сапраўднаму карысны грамадству.

Урачыстасць распачалася з паланэза. Таксама ў бальнай карце – венскі і левабочны вальсы, галоп, французская кадрыля, полька і падэпатынер.

Нашы студэнты засталіся пад вялікім уражаннем ад мерапрыемства і атрымалі сапраўдную эстэтычную асалоду. Рабяты прызналіся, што развучваць усе танцы было складана, асабліва ў разгар здачы залікаў і падрыхтоўкі да сесіі. Але дзеля ўдзелу ў такім прыгожым дзействе можна было папрацаваць больш, чым звычайна. Да таго ж, клопаты гэтыя – прыемныя.

Венскі баль для яго ўдзельнікаў стаў магчымасцю не толькі наведаць свецкае мерапрыемства, але і навучыцца прыгожа танцаваць, папрактыкавацца ў азах этыкету і пагутарыць з іншымі адоранымі і таленавітымі рабятамі.

Студэнты БрДУ дзякуюць кіраўніцтву ўніверсітэта за магчымасць быць паўнапраўнымі ўдзельнікамі самага прыгожага мерапрыемства года, а таксама харэографаў – за ўрокі танцаў.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: