Студэнтка БрДУ Ангеліна Кіслашчанкова на Глабальным саміце «Горад, дружалюбны дзецям»

15–18 кастрычніка ў нямецкім горадзе Кёльне праходзіў Глабальны саміт «Горад, дружалюбны дзецям». Мерапрыемства, арганізаванае Штаб-кватэрай ЮНІСЕФ пры падтрымцы Урада Федэратыўнай Рэспублікі Германія, сабрала мэраў гарадоў, прадстаўнікоў мясцовых уладаў, экспертаў і моладзь з розных краін свету, каб адзначыць актуальнасць пытання аб стварэнні дружалюбнага, бяспечнага і інклюзіўнага гарадскога асяроддзя для дзяцей і падлеткаў.

Моладзевымі дэлегатамі ад Беларусі сталі студэнтка геаграфічнага факультэта БрДУ імя А. С. Пушкіна Ангеліна Кіслашчанкова і студэнтка факультэта міжнародных адносін БДУ Дар’я Шлапакова.

Дзяўчыны прадставілі свой вопыт удзелу ў органах падлеткавага самакіравання. Дар’я выступала на Пленарным пасяджэнні з прадстаўленнем вынікаў сустрэчы Глабальнай моладзевай кансультацыйнай рады, якая займалася распрацоўкай Маніфеста для мэраў ад дзяцей і падлеткаў. Ангеліна прымала ўдзел у цырымоніі ўзнагароджання гарадоў, якія перамаглі ў намінацыі «Мясцовае кіраванне, дружалюбнае дзецям».

Беларускія ўдзельнікі прадставілі свой вопыт рэалізацыі ініцыятывы «Горад, дружалюбны дзецям», уключаючы разлік індэкса дружалюбнасці горада дзецям, распавялі пра перспектывы трансфармацыі ініцыятывы ў платформу «Горад, дружалюбны дзецям і падлеткам» для рэалізацыі Мэтаў устойлівага развіцця, а таксама падзяліліся дасягненнямі і выклікамі ў сферы арганізацыі маштабных спартыўных мерапрыемстваў з улікам правоў дзяцей.

Глабальны саміт завяршыўся падпісаннем Дэкларацыі мэраў, у якой знайшлі адлюстраванне асноўныя абавязкі мясцовых гарадскіх уладаў у дачыненні да рэалізацыі правоў дзяцей і падлеткаў.

Геаграфічны факультэт

Падзяліцца: