Славянскія мовы: сістэмна-апісальны і сацыякультурны аспекты даследавання

22–23 лістапада 2019 года на філалагічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна адбылася IX Міжнародная навуковая канферэнцыя «Славянскія мовы: сістэмна-апісальны і сацыякультурны аспекты даследавання», арганізаваная кафедрай агульнага і рускага мовазнаўства. У падобным фармаце філолагі збіраюцца ўжо ў дзявяты раз. Восем мінулых сустрэч паказалі, што праблемнае поле канферэнцыі стабілізавалася і выклікае цікавасць у навукоўцаў-славістаў з Беларусі, Украіны, Польшчы, Славакіі, Расіі, Сербіі, Балгарыі (у гэтым годзе аргкамітэту былі прапанаваны 122 тэмы дакладаў). Мэтай канферэнцыі з’яўляецца каардынацыя навуковых даследаванняў у галіне функцыянавання і развіцця славянскіх моўных сістэм. Гэтыя праблемы разглядаліся на канферэнцыі з розных бакоў, што і пацвердзіла павестка пленарнага пасяджэння.

Канферэнцыю адкрыла рэктар БрДУ імя А. С. Пушкіна, доктар педагагічных навук, прафесар Г. М. Сендзер, якая пажадала ўсім поспехаў у дыскусіі аб шляхах развіцця і функцыянавання славянскіх моў. Ад імя аргкамітэта беларускіх і замежных навукоўцаў віталі дэкан філалагічнага факультэта дацэнт Т. В. Сянькевіч і загадчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства дацэнт В. Б. Пераход. Першы намеснік дырэктара па навуковай працы ДНУ «Цэнтр даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры» НАН Рэспублікі Беларусь акадэмік, доктар філалагічных навук, прафесар А. А. Лукашанец адкрыў пленарнае пасяджэнне дакладам «Сучасныя славянскія мовы ў новых сацыякультурных умовах». Дакладчык прасачыў дынаміку развіцця моўных сітуацый у свеце Slavia і канстатаваў, што збалансаваныя сітуацыі тут хутчэй з’яўляюцца выключэннем, чым правілам. Так, новай рысай у развіцці беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі з’яўляецца пашырэнне кантактаў з кітайскай. Мы вельмі ўдзячныя Аляксандру Аляксандравічу Лукашанцу за актыўную падтрымку нашай канферэнцыі.

На пленарным пасяджэнні былі заслуханы яшчэ шэсць дакладаў: «Асаблівасці прыстасавання галіцызмаў да граматычнай сістэмы украінскай мовы ў квантытатыўным аспекце» (В. М. Волкава, Ю. А. Кліпатская, Сумы, Украіна), «Гаворка перасяленцаў з Палесся ў Аргенціне і Парагваі: дакументаванне і аналіз» (Г. П. Піліпенка, Масква, Расія), «Функцыі міфалагічных тэкстаў у традыцыйнай культуры беларусаў» (І. А. Швед, Брэст, Беларусь), «Гісторыка-лінгвакультуралагічны аспект урбанонімаў горада Брэста XX стагоддзя» (М. Фамелец, Быдгашч, Польшча), «Канкурэнцыя формаў будучага часу ў сербскай мове (па дадзеных корпуса)» (М. В. Супрунчук, Мінск, Беларусь), «Эрганімія Брэстчыны ў кантэксце сучаснай штучнай намінацыі» (В. Б. Пераход, Л. А. Гадуйка, Брэст, Беларусь).

Праца канферэнцыі працягвалася на пасяджэнні сямі секцый.

Традыцыйна шырока была прадстаўлена лінгвакультуралагічная парадыгма ў вывучэнні славянскіх моў. Беларуская, руская, польская лексікалогія, фразеалогія, парэміялогія былі прадметам дыскусій на секцыі «Адлюстраванне сучасных сацыякультурных працэсаў у славянскіх мовах».

Як і раней, актыўна абмяркоўваліся праблемы сучаснай анамастыкі, у прыватнасці, комплекс культурных кодаў, вербалізаваных у эрганоміі, урбананіміі, прагматаніміі, антрапаніміі Брэстчыны і нашага памежжа. Тэматыка выступленняў на секцыях ахапіла практычна ўсе аспекты вывучэння славянскіх моў: супастаўляльны, сістэмна-апісальны, функцыянальны, сацыякультурны, лінгвадыдактычны – і вядома ж, адлюстроўвала навуковыя інтарэсы прымаючага боку. На выніковым пасяджэнні кіраўнікі секцый адзначылі, што ажыўленую дыскусію выклікалі даклады па фразеалогіі, паэтыцы і ідыястылях сучасных славянскіх пісьменнікаў, лігвакультуралогіі. Канферэнцыя дасягнула пастаўленых задач, прадэманстраваўшы дасягненні асноўных школ у беларускай лінгвістыцы. Аднак метадалагічная распрацоўка пытанняў, вынесеных на абмеркаванне, яшчэ далёка не скончана, таму кафедра агульнага і рускага мовазнаўства БрДУ імя А. С. Пушкіна выказвае ўдзячнасць усім філолагам, якія прынялі ўдзел у працы канферэнцыі, і праз два гады зноў запрашае сустрэцца на гасціннай брэсцкай зямлі.

Н. М. Гурына, кандыдат філалагічных навук,
дацэнт кафедры агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: