Сэрцы поўныя высокіх памкненняў: в БрДУ прайшла ўрачыстая выпускная лінейка

Пажаданні педагогаў, узнагароджанне лепшых студэнтаў і развітальны вальс – урачыстая лінейка выпускнікоў «Сэрцы поўныя высокіх памкненняў» у нашым універсітэце адбылася 3 чэрвеня. Апошні званок празвінеў для 710 маладых людзей дзённай формы атрымання адукацыі.

Ганаровае права падняць сцяг нашага ўніверсітэта пад гукі гімна alma mater атрымалі выпускнікі юрыдычнага і фізіка-матэматычнага факультэта Лейла Матніязава і Павел Аліхвер.

Са словамі-пажаданнямі да іх і іншых выпускнікоў звярнулася рэктар БрДУ Ганна Сендзер. Яна адзначыла, што жыццё складаецца з мноства дзён, самымі яркімі і запамінальнымі з якіх з’яўляюцца студэнцкія, таму што ў гэты час чалавек шукае сябе, расстаўляе жыццёвыя прыярытэты і знаходзіць верных сяброў. Ганна Мікалаеўна выказала ўпэўненасць у тым, што юнакі і дзяўчаты добра праявяць сябе на рабочых месцах і сваімі поспехамі будуць праслаўляць родны ўніверсітэт. Рэктар пажадала выпускнікам моцнага здароўя, шчасця, стварэння сем’яў і дабрабыту.

З года ў год студэнты БрДУ паказваюць высокія вынікі ў вучобе, творчасці і спорце. Таму важны момант – узнагароджанне выпускнікоў граматамі і падзякамі рэктара за поспехі ў навукова-даследчай дзейнасці, актыўны ўдзел у грамадска-культурнай і спартыўнай дзейнасці alma mater і павышэнне іміджу ўніверсітэта. Бацькам выпускнікоў былі ўручаны падзякі за выхаванне маральных якасцяў, пачуцця патрыятызму і адказных адносін да даручаных спраў.

Выпускнікі біялагічнага і фізіка-матэматычнага факультэтаў Алёна Ліцук і Хемра Джамаеў адзначылі, што студэнцкія гады назаўсёды застануцца ў іх памяці як адна з самых яркіх старонак у жыцці, менавіта ва ўніверсітэце іх сэрцы напоўніліся высокімі памкненнямі, што абавязкова прывядуць да дасягнення поспехаў. У знак удзячнасці за добрую адукацыю студэнты ўручылі Ганне Мікалаеўне кубак «Лепшы рэктар».

Бацькі таксама выказалі цёплыя словы ў адрас тых, хто на працягу некалькіх гадоў быў побач з іх дзецьмі і дзяліўся ведамі, каб маладыя людзі сталі высокакваліфікаванымі спецыялістамі. «Паважанае кіраўніцтва ўніверсітэта і педагогі! – звярнуліся Таццяна і Рыгор Штык. – Вы далі тысячам юнакоў і дзяўчат веды і вопыт, навучылі мудрасці і цярплівасці, выхавалі іх моцнымі духам і прывілі ім адказнасць».

Студэнты выказалі прызнанне педагогам за прафесіяналізм, мудрасць і цярпенне і ў святочным канцэрце. Яго кульмінацыяй сталі развітальны пяшчотны вальс пад хвалюючую музыку Яўгенія Догі і вяселы, але ў той час апошні кранальны званок – сімвал заканчэння навучальнага марафона і ўступлення ў дарослае жыццё, сведчанне пачатку новага этапу ў жыцці. Апошні званок далі выпускнікі на роліках. У фінале прагучала песня «Карагод дружбы» і былі выпушчаны ў неба дзясяткі паветраных шароў.

Кіраўніцтва і выкладчыкі БрДУ ўпэўнены, што нашы студэнты, сэрцы якіх поўныя высокіх памкненняў, надзей і аптымізму, абавязкова знойдуць сваё месца ў жыцці і сваімі дасягненнямі будуць праслаўляць любімы ўніверсітэт і родную краіну.

Юлія Воўк, студэнцкі клуб

Падзяліцца: