Семінар для прафгрупоргаў акадэмічных груп

3 лістапада было адзначана правядзеннем семінара для прафгрупоргаў 1 курса ўстановы адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна». Жак І.А., старшыня прафкама студэнтаў, пазнаёміла студэнтаў з гасцямі семінара: Матыцынай І.Г., прарэктарам па выхаваўчай і сацыяльнай працы, і Драпей А.А., намеснікам старшыні Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

«Першасная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў у сістэме ідэалагічнай і выхаваўчай працы ўстановы адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна», – менавіта так акрэсліла тэму свайго выступлення Інга Генадзьеўна Матыцына. Выступленне было напоўнена шматлікімі канкрэтнымі фактамі, што дазваляюць характарызаваць дзейнасць універсітэцкай прафсаюзнай першаснай арганізацыі толькі са станоўчага боку. Прарэктар, як курыруе грамадскія ініцыятывы ва ўніверсітэце, высока ацаніла дзейнасць прафсаюзнай арганізацыі на рэспубліканскім узроўні, пажадала ўдзельнікам семінара творчых поспехаў у вучобе і будучай прафесійнай дзейнасці.

Аляксандра Аляксандраўна Драпей пачала сваё выступленне са знаёмства прафгрупоргаў з гісторыяй прафсаюзнага руху Беларусі і асноўнымі вехамі станаўлення галіновага прафсаюза. Больш падрабязна Драпей А.А. спынілася на мэтах, задачах, метадах і прынцыпах дзейнасці галіновага прафсаюза, акрэсліла структуру прафсаюза, Брэсцкай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза, завастрыла ўвагу на правах і абавязках членаў прафсаюза. Асаблівая ўвага была ўдзелена асноўным пазіцыям Статута Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а таксама нормам галіновага Пагаднення, у адпаведнасці з якімі прафсаюзныя арганізацыі ажыццяўляюць сваю дзейнасць.

Словы ўдзячнасці за актыўны ўдзел у дзейнасці галіновага прафсаюза, асабісты ўклад у рэалізацыю статутных задач, удасканаленне формаў і метадаў прафсаюзнай працы ў гэты дзень былі адрасаваны студэнтам універсітэта, якім была ўстаноўлена заахвочвальная выплата Брэсцкага абласнога камітэта галіновага прафсаюза (Праскурава Марына і Вахільчук Ганна).

Старшыня прафкама студэнтаў Жак І.А. сваё выступленне перад прафгрупоргамі суправаджала прэзентацыяй «Асноўныя напрамкі дзейнасці прафгрупоргаў у групе».

Дзелавая гульня «Студэнцкая ініцыятыва», арганізаваная спецыялістамі аддзела выхаваўчай працы з моладдзю, уцягнула і прымусіла ўсіх удзельнікаў семінара крэатыўна думаць і праявіць свае лідарскія якасці. Такім чынам, прафгрупоргі 1 курса ўсіх факультэтаў універсітэта папоўнілі свае веды новай інфармацыяй.

Р.В. Чуль,
намеснік старшыні прафкама студэнтаў

Падзяліцца: