Семінар «Асаблівасці адаптацыі замежных навучэнцаў да адукацыйнай прасторы ўніверсітэта»

«Асаблівасці адаптацыі замежных навучэнцаў да адукацыйнай прасторы ўніверсітэта» – пад такой назвай 26 лютага 2019 года ў нашым універсітэце прайшоў семінар, арганізаваны аддзелам выхаваўчай работы з моладдзю. Удзельнікамі гэтага мерапрыемства сталі намеснікі дэканаў па выхаваўчай працы, куратары вучэбных груп факультэтаў, спецыялісты АВР, педагагічныя работнікі студгарадка, спецыялісты аддзела рэалізацыі праграм давузаўскай падрыхтоўкі, аддзела міжнародных сувязяў, а таксама прадстаўнікі старастата замежных навучэнцаў.

Актуальнасць тэмы семінара ў сваім вітальным слове акрэсліла кіраўнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю Таццяна Мікалаеўна Кошык. Яна выказала ўпэўненасць, што менавіта дадзеныя дыягнастычных даследаванняў дазваляюць своечасова ўносіць карэктывы ў любую працу, тым больш такую, што мае адносіны да выхаваўчага працэсу.

Педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы Ганна Паўлаўна Шывілька агучыла вынікі маніторынгу адаптацыі замежных навучэнцаў да ўмоў навучання і пражывання ў БрДУ імя А.С. Пушкіна. У сваім выступленні яна расказала пра матывы паступлення замежных навучэнцаў у наш універсітэт, пра цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца ў працэсе адаптацыі да студэнцкага жыцця, пра асаблівасці правядзення імі вольнага часу, пра ўзаемаадносіны ў студэнцкім калектыве, а таксама правяла параўнальны аналіз атрыманых вынікаў апытання цяперашняга і мінулага навучальнага года.

У ходзе семінара абмяркоўваліся асаблівасці ўзаемадзеяння беларускіх і замежных студэнтаў у навучальны і пазавучэбны час, шляхі і формы аптымізацыі работы куратараў з вучэбнай групай, уносіліся прапановы аб карэкціроўцы планавання выхаваўчай працы з замежнымі навучэнцамі, разглядаліся пытанні аб дзейнасці старастата замежных навучэнцаў па наладжванні дысцыпліны ў інтэрнатах студэнцкага гарадка і інш.

У заключнай частцы мерапрыемства ўсе прысутныя змаглі выказаць свае прапановы аб магчымых шляхах вырашэння ўзнятых праблем.

Аддзел выхаваўчай работы з моладдзю

Падзяліцца: