Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР у гістарычным лёсе беларускага народа»

17 верасня 2021 г. у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна прайшла Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР у гістарычным лёсе беларускага народа». Прысвечаная святкаванню 82-й гадавіны скасавання несправядлівых умоў Рыжскага міру і кансалідацыі беларусаў у складзе адзінай дзяржавы, канферэнцыя выклікала зацікаўленасць не толькі брэсцкіх вучоных-гісторыкаў, але і шырокага кола беларускіх навукоўцаў з Мінска, Гомеля, Гродна, Пінска, Полацка.

На абмеркаванне ўдзельнікаў канферэнцыі было прапанавана шырокае кола пытанняў, якія раскрываюць разнастайныя аспекты праблемы, у тым ліку значэнне падзеленай Беларусі ў геапалітычнай архітэктуры Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, палітыку Польшчы, адміністратыўна-палітычнае становішча і сацыяльна-эканамічныя адносіны ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг., грамадска-палітычныя і этнакультурныя працэсы ў заходніх рэгіёнах Беларусі ў складзе міжваеннай Польшчы, этнаканфесійнае і этнакультурнае ўзаемадзеянне на тэрыторыі беларуска-літоўка-польска-ўкраінскага памежжа. Актуальнасць і натуральную цікавасць выклікалі падзеі палітыка-дыпламатычных і ваенна-палітычных стасункаў у Еўропе ў 1920–1930-я гады, праблемы абароназдольнасці савецкай краіны ва ўмовах абвастрэння ваеннай пагрозы і распачатай другой сусветнай вайны. Акрамя гэтага, высокі навуковы ўзровень мерапрыемства быў забяспечаны змястоўнымі дакладамі па праблемах гістарыяграфіі і крыніцазнаўства айчыннай гісторыі і гісторыі Заходняй Беларусі. Заяўленыя і агучаныя больш чым 50 пленарных і секцыйных выступленняў яскрава ілюстравалі ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР як стрыжнёвую падзею айчыннай гісторыі ХХ стагоддзя і важны фактар міжнародных адносін у Еўропе, якая мае вялікае значэнне ў ідэйна-палітычным выхаванні грамадзян Рэспублікі Беларусь і ўмацаванні яе дзяржаўнай незалежнасці і суверэнітэту.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: