Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы тэорыі і методыкі фізічнага выхавання і спартыўнай трэніроўкі»

25–26 красавіка 2019 года ў УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна» на факультэце фізічнага выхавання адбылася рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Актуальныя праблемы тэорыі і методыкі фізічнага выхавання і спартыўнай трэніроўкі». Яе арганізатарам выступіла кафедра спартыўных дысцыплін і методык іх выкладання.

У працы канферэнцыі прынялі ўдзел выкладчыкі, аспіранты, магістранты і студэнты розных устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь: Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова; настаўнікі ДУА Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.

Праца канферэнцыі распачалася з прывітальнага слова да ўдзельнікаў дэкана факультэта фізічнага выхавання Сяргея Аляксандравіча Суркова, які падкрэсліў, што ў 2019 годзе факультэт адзначае сваё 50-годдзе, і шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку і навукова-практычныя канферэнцыі, ужо праходзяць у межах названай даты.

На пленарным і двух секцыйных пасяджэннях канферэнцыі быў разгледжаны шырокі спектр актуальных праблем тэорыі і методыкі фізічнага выхавання, медыка-біялагічных праблем фізічнай культуры і спорту, а таксама спартыўнай трэніроўкі ў розных відах спорту. Абмеркаванне дакладаў прайшло вельмі прадуктыўна, а ў асобных выпадках выклікала ажыўленую дыскусію.

У межах канферэнцыі адбылася выстава навуковай літаратуры, навуковых прац выкладчыкаў і студэнтаў факультэта фізічнага выхавання «Навука, практыка, перспектывы фізічнай культуры і спорту».

Аргкамітэт канферэнцыі выказвае вялікую падзяку ўсім удзельнікам і спадзяецца на далейшае плённае супрацоўніцтва.

Кафедра спартыўных дысцыплін і методык іх выкладання

Падзяліцца: