Рэгіянальны навукова-багаслоўскі семінар: ад вытокаў хрысціянства да сучаснасці

28 лістапада 2014 г. у чытальнай зале бібліятэкі БрДУ імя А.С. Пушкіна адбыўся рэгіянальны навукова-багаслоўскі семінар «Святы князь Уладзімір. Гістарычны выбар Русі». Гэтае мерапрыемства, арганізатарамі якога выступілі кафедра гісторыі славянскіх народаў і Брэсцкая епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, было прысвечана 1000-годдзю з дня праведнай смерці Святога князя Уладзіміра. Удзельнікамі семінара з'яўляліся як прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу, святары, так і студэнты гістарычнага факультэта.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуліся дэкан гістарычнага факультэта, кандыдат філасофскіх навук Наталля Пятроўна Галімава, Епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, кандыдат багаслоўя. Загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктар гістарычных навук Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч паказаў ролю Праваслаўнай Царквы ў культурна-цывілізацыйным развіцці ўсходнеславянскіх народаў і беларусаў у прыватнасці, заклікаў студэнцкую моладзь да вывучэння гісторыі прыходаў і храмаў. Дацэнт кафедры гісторыі славянскіх народаў, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Аляксандравіч Савіч падкрэсліў значнасць духоўнага і геапалітычнага выбару князя Уладзіміра Святаславіча. Гістарычныя, культуралагічныя аспекты былі закрануты дацэнтам кафедры філасофіі, кандыдатам філасофскіх навук Вольгай Мікалаеўнай Іванчынай, загадчыкам кафедры ўсеагульнай гісторыі, кандыдатам гістарычных навук Аленай Іосіфаўнай Пашковіч, старшым выкладчыкам кафедры ўсеагульнай гісторыі Аксанай Пятроўнай Харчанка. Лаканічнымі, але змястоўнымі былі даклады студэнтаў 5 курса Яўгена Капліча, Юліі Бялко, Веранікі Струпавец, Вячаслава Сінчука, студэнтаў 4 курса Дзмітрыя Бакаева, Юліі Салаўчук, Аляксандра Царука. Вялікую цікавасць, асабліва ў студэнцкай аўдыторыі, выклікалі выступленні святароў і царкоўнаслужыцеляў. Протаіерэй Яўген Ліхота прывёў канкрэтныя прыклады працы па катэхізацыі і духоўнай асвеце розных катэгорый насельніцтва ў Брэсцкай епархіі. Сваім вопытам работы з маладымі людзьмі падзяліўся старшыня аддзела па працы з моладдзю Брэсцкай епархіі Павел Пятровіч Рамановіч. Старшыня сацыяльнага аддзела Брэсцкай епархіі, протаіерэй Сергій Чырун пазнаёміў з цікавым дакладам «Хрысціянская цывілізацыя і каштоўнасці хрысціянскай сям'і». У ходзе дыскусіі і пры падвядзенні вынікаў семінара Епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан закрануў цэлы шэраг надзённых пытанняў маралі, этыкі, шлюбу і сям'і, злоўжывання спіртнымі напоямі і наркатычнымі сродкамі і інш., з якімі сутыкаецца моладзь.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: