Рэгіянальная навукова-практычная канферэнцыя «Нацыянальна-культурны кампанент у літаратурнай і дыялектнай мове»

18 сакавіка 2016 года на філалагічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася рэгіянальная навукова-практычная канферэнцыя «Нацыянальна-культурны кампанент у літаратурнай і дыялектнай мове». Арганізатарам канферэнцыі была кафедра беларускага мовазнаўства і дыялекталогі. Вочны і завочны ўдзел у канферэнцыі ўзялі выкладчыкі, настаўнікі, аспіранты і студэнты з Беларусі (Брэст, Мінск, Віцебск, Мазыр, Белаазёрск, Гродна, Пінск) і Украіны (Чарнаўцы, Вінніца, Кіеў).

Падчас пленарнага пасяджэння прагучалі даклады, якія закраналі розныя аспекты ўзаемадзеяння мовы і культуры. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства і дыялекталогіі БрДУ Л.В. Леванцэвіч прааналізавала безэквівалентную лексіку ў дыялектнай мове Брэстчыны. Спосабы ўтварэння індывідуальна-аўтарскіх слоў у мове твораў Леаніда Дранько-Майсюка былі акрэслены ў выступленні А.В. Солахава, дацэнта кафедры педагогікі і методык дашкольнай і пачатковай адукацыі Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П. Шамякіна. Семантычны і лінгвакультуралагічны аспект геартонімаў у рускай фразеалогіі быў разгледжаны ў выступленні Т.П. Слесаравай, дацэнта кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Прадметам аналізу ў дакладзе Т.І. Сінкевіч, старшага выкладчыка кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, сталі адантрапанімныя назвы азёраў Віцебшчыны. Доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай і рускай моў з методыкай выкладання БрДУ В.І. Сянкевіч разгледзеў сацыяльна-бытавы кантэкст гармоніі слова і думкі. Супрацоўнікі лабараторыі сінтэзу і распазнавання маўлення Аб’яднага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі расказалі пра распрацоўку электронных лінгвістычных рэсурсаў для генерацыі кірылічнай транскрыпцыі на беларускай і рускай мовах.

На пасяджэння пяці секцый былі абмеркаваны такія пытанні, як нацыянальнамоўны кампанент у кантэксце мастацкіх і публіцыстычных твораў, нацыянальна-культурная спецыфіка моўнай адзінкі ў дыялектнай мове, беларускае імя ў лінгвакультуралагічным аспекце, этналінгвістычны і лінгвакраязнаўчы змест фразеалагічнай і парэміялагічнай адзінкі.

У канферэнцыі ўзялі ўдзел настаўнікі Брэста і вобласці, якія разгледзелі накірункі вывучэння нацыянальна-культурнай адметнасці анамастыкону і тэрміналогіі на ўроках і ў пазакласнай працы па мове, літаратуры і хіміі.

Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік навуковых матэрыялаў.

Дзякуем усім удзельнікам канферэнцыі і спадзяёмся на далейшыя плённыя сустрэчы!

Кафедра беларускага мовазнаўства і дыялекталогіі

Падзяліцца: