Прэзентацыя вынікаў археалагічных даследаванняў Мікалая Плавінскага

9 красавіка 2015 г. на гістарычным факультэце адбылася презентацыя вынікаў археалагічных даследаванняў кандыдата гістарычных навук Мікалая Аляксандравіча Плавінскага (г. Мінск). Ужо больш за 10 год ён праводзіць раскопкі археалагічных помнікаў эпохі Сярэднявечча на паўночным захадзе Беларусі. Нягледзячы на свой малады ўзрост (34 гады), з’яўляецца аўтарам і сааўтарам 11 манаграфій і больш 200 навуковых, навукова-папулярных, энцыклапедычных артыкулаў па археалогіі і айчыннай гісторыі.

У час сустрэчы М.А. Плавінскі прэзентаваў сваю апошнюю кнігу «Скарбы, курганы, замкі і іх даследчыкі» (Мінск, 2015), у якой сістэматызаваны і выкладзены цікавы матэрыял пра самыя каштоўныя скарбы, знойдзеныя беларускімі археолагамі, раскопкі курганоў, Мядзельскага замка, Мінскага замчышча і іншых знакавых аб’ектаў гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны. Сярод іншага ў кнізе ўтрымліваецца інфармацыя аб удзеле студэнтаў гістарычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна ў раскопках грунтовага могільніка перыяду рымскіх уплываў у в. Пятровічы Жабінкаўскага раёна, якія праводзіліся ў апошнія гады пад кіраўніцтвам спецыялістаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Аўтар адказаў на пытанні аб захаванні помнікаў археалогіі ў сучасны перыяд, аб уласных планах на бліжэйшую будучыню. У ходзе абмеркавання кнігі загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктар гістарычных навук А.М. Вабішчэвіч і выкладчык кафедры гісторыі славянскіх народаў В.Ю. Піліповіч адзначылі яе даступны стыль у выкладанні складанага матэрыялу, наяўнасць арыгінальных графічных выяў. Аўтару былі выказаны пажаданні аб далейшых поспехах у археалагічных даследаваннях на тэрыторыі рэспублікі.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: