Прафілактыка правапарушэнняў – справа кожнага

26 лютага 2015 года на базе юрыдычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна адбылося выхаваўчае і прафарыентацыйнае мерапрыемства-семінар, прысвечанае гадавіне ўтварэння юрыдычнага факультэта – «Грамадзянскае выхаванне ў сістэме прафілактыкі правапарушэнняў», у якім прынялі ўдзел студэнты 4 курса юрыдычнага факультэта дзённага аддзялення. Арганізацыйны камітэт узначаліў С.М. Храмаў – кандыдат юрыдычных навук, в.а. загадчыка кафедры крымінальна-прававых дысцыплін.

У праграму было ўключана 12 тэзісаў навуковых дакладаў, 10 з якіх прысутныя ў аўдыторыі змаглі ацаніць падчас публічных выступленняў. Удзельнікі пад навуковым кіраўніцтвам Храмава С.М. распрацавалі праблемныя аспекты грамадзянскага выхавання. Тэматыка агучаных дакладаў адлюстравала найбольш актуальныя пытанні прафілактыкі правапарушэнняў у Рэспубліцы Беларусь.

Падчас мерапрыемства было заслухана мноства розных меркаванняў. Да ўвагі прысутных былі пададзены такія пытанні, як: уплыў некаторых СМІ на фарміраванне злачынных паводзін непаўналетніх; прафілактыка і папярэджанне правапарушэнняў па справах аб згвалтаванні; спосабы выяўлення сямейнага гвалту; папярэджанне злачыннасці і крымінальнага правасуддзя Камісіяй ААН; прафілактыка падлеткавай наркаманіі і іншыя.

Тэма адной з удзельніц семінара – «Тэорыя разбітых акон у крыміналогіі» выклікала жывую цікавасць сярод студэнтаў. Сутнасць гэтай тэорыі бачыцца ў тым, што яна разглядае дробныя правапарушэнні як індыкатар пагаршэння крымінагеннага становішча ў цэлым. Гэтае вучэнне знайшло шырокае выкарыстанне на практыцы ў Еўропе. Асабліва хацелася б вылучыць замежных студэнтаў, якія таксама парадавалі сваім выступленнем з не менш актуальнай тэмай – «Успрыманне крыміналогіі».

Заўважым, што семінар быў праведзены Храмавым С.М. па метадзе акадэміка Ландау, што выклікала жывую цікавасць аўдыторыі.

У канцы навуковага семінара, пасля заслухоўвання усіх дакладаў камісіяй пад кіраўніцтвам Храмава С.М. былі падведзены вынікі. Для таго, каб вынікі былі максімальна аб’ектыўнымі, на дапамогу былі прыцягнуты незалежныя эксперты, якія размяркоўвалі балы сярод удзельнікаў. У выніку ў лідары выбіліся: Іўко Іна, Грынеўская Юлія і Храмеля Дар’я, Сергіенка Анастасія – 1 месца; Гамза Крысціна – 2 месца; Кічыкулаў Русцемгельды і Нармедаў Байрам – 3 месца.

У БрДУ імя А.С. Пушкіна склалася пэўная сістэма выхавання прававой культуры ў студэнтаў. У плане кафедры крымінальна-прававых дысцыплін маюць месца і іншыя мерапрыемствы па прававым выхаванні і прафілактыцы правапарушэнняў.

Артыкул: МАРЫЯ СЕРАДОВІЧ
Фота: ВЕРАНІКА СКАШЧУК

Падзяліцца: