Падведзены вынікі Трэцяга Адкрытага Тыдня журналістыкі

Апошні дзень Тыдня журналістыкі (16 красавіка) пачаўся з Урока Мужнасці, які правялі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Стаханаў і Барыс Брук. Яны распавялі моладзі пра страшны ваенны час, пра яго герояў, пра доўгачаканую перамогу. Слухаючы апаведы ветэранаў, прысутныя перажывалі разам з маладымі Уладзімірам і Барысам эпізоды іх далёкага гераічнага мінулага і захапляліся іх мужнасцю.

У гэты насычаны тыдзень, што так хутка праляцеў, для моладзі былі арганізаваны шматлікія конкурсы, дыскусіі, трэнінгі, семінары і майстар-класы. Рабяты паспрабавалі сілы ў фатаграфіі (фотаконкурс) і напісанні журналісцкіх тэкстаў у розных жанрах (медыяквест). Юныя журналісты здзіўлялі сваімі ідэямі, арыгінальным падыходам, уменнем аператыўна працаваць. Усе адказна паставіліся да выканання творчых заданняў, за што былі заслужана ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. Арганізатары адзначылі, што такой колькасці прызоў за час існавання форуму не было.

Вядома, самы галоўны прыз для ўдзельнікаў Тыдня – публікацыя матэрыялаў у друкаваных выданнях Брэстчыны. А лепшыя каманды «Стылягі», «Джэнтльменшы», «Аб’ектыў ананаса», «КаКос» сталі шчаслівымі ўладальнікамі дадатковых бонусаў.

Самым «ураджайным» на таленты аказаўся «Фестываль моладзевай прэсы». Газеты, прадстаўленыя ўдзельнікамі, ацэньвала прафесійнае журы. Дыплом за лепшы дызайн атрымала газета «Ракурс» (2 курс нашага ўніверсітэта), а спецыяльны дыплом за вернасць роднай мове – газета гістарычнага факультэта БДУ «Nika».

Галоўная інтрыга – лепшае студэнцкае выданне – захоўвалася да канца Тыдня. Дыплом першай ступені ў гэтай намінацыі ў газеты «Журфакты» (Інстытут журналістыкі БДУ), дыплом другой ступені ў газеты «Гаўдэамус» (ПУДУ, Магадан, Расія), дыплом трэцяй ступені – у нашай «Страмянкі» (3 курс). А Гран-пры, як і ў 2013 годзе, з’ехаў у Маскву (газета «Ад вінта» Маскоўскага авіяцыйнага інстытута).

Акрамя таго, на цырымоніі закрыцця былі ўзнагароджаны пераможцы завочнага конкурсу творчых работ, прысвечанага 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У ім прыняло ўдзел больш за 140 навучэнцаў школ, ліцэяў, гімназій горада Брэста і Брэсцкай вобласці.

Студэнты-арганізатары – Ганна Івашчанка, Марта Мартынюк, Дзмітрый Босак, Дзмітрый Шыферштэйн і Дзяніс Трацюк – атрымалі дыпломы і прызы за крэатыўнасць, мудрасць і смеласць.

Удзельнікі не хавалі сваіх эмоцый: яны захапляліся Брэстам, дзякавалі арганізатарам за правядзенне форуму і абяцалі ў наступным годзе зноў прыехаць на Тыдзень журналістыкі. «Так шмат важнага і патрэбнага сказана. Дзякуй за кожнае слова», – падзялілася ўражаннямі Анастасія Кузняцова (Магадан). «Вы лепшыя!» – ацаніла працу арганізатараў Алёна Макоўчык (Мінск).

Чакаем Чацвёрты Адкрыты Тыдзень журналістыкі!

Юлія Воўк,
філалагічны факультэт

Падзяліцца: