Па знаёмых вуліцах як у першы раз: студэнты юрыдычнага факультэта выконвалі заданні традыцыйнага краязнаўчага квеста

У адзін з апошніх цёплых дзён бабінага лета, 15 кастрычніка, студэнты 3-га і 4-га курсаў юрыдычнага факультэта сабраліся на вуліцы Савецкай – нашай цэнтральнай пешаходнай вуліцы, каб прыняць удзел у краязнаўчым квесце «Праваахоўныя органы горада Брэста».

Будучыя юрысты перасоўваліся па гістарычным цэнтры горада, наведваючы намечаныя арганізатарам месцы. Камандам прапаноўвалася паслядоўна вырашыць зашыфраваныя заданні, што змяшчаюць фотазагадку з падказкамі і гістарычнае апісанне будынкаў, у якіх размяшчаюцца праваахоўныя органы. Каля шуканых аб’ектаў дзяжурылі студэнты-кантралёры, якія выдавалі камандзе, што падбегла да іх, наступнае заданне.

Квест стаў традыцыйным мерапрыемствам: кафедра крымінальна-прававых дысцыплін праводзіць яго ўжо шосты год запар. Ідэя квеста належыць старшаму выкладчыку кафедры Раманюк Алене Віктараўне. Яна заўважыла, што многія праваахоўныя органы і органы правасуддзя знаходзяцца ў будынках з багатай гісторыяй, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Мерапрыемства было накіравана на замацаванне ведаў студэнтаў па дысцыплінах «Крымінальны працэс» і «Судаўладкаванне»; развіццё ў студэнтаў лагічнага мыслення, назіральнасці, умення думаць нестандартна; паглыбленне ведаў аб гісторыка-культурным мінулым горада Брэста; выхаванне беражлівых адносін да помнікаў гісторыі.

Паводле слоў удзельнікаў, квест з’яўляецца адной з самых яркіх і запамінальных падзей за час вучобы ва ўніверсітэце. Студэнты адзначылі, што яны атрымалі станоўчыя эмоцыі, а галоўнае, даведаліся шмат новага пра гісторыю будынкаў, міма якіх праходзілі кожны дзень і не звярталі ўвагі.

Пераможцамі ў намінацыі «Хуткасць» стала каманда замежных студэнтаў «Сонейка», лепшыя веды крымінальнага працэсу і навыкі прымянення іх на практыцы паказала каманда «Феміды». У агульным заліку прызёрам стала каманда «Кіты».

Старшы выкладчык кафедры крымінальна-прававых дысцыплін Раманюк А. В.

Падзяліцца: