Названа лепшая навучальная група БрДУ

Фінал універсітэцкага конкурсу «Лепшая вучэбная група» адбыўся 30 красавіка. У барацьбе за адзінства духу і лідарскіх якасцяў, інтэлекту і творчасці змагаліся навучальныя групы сацыяльна-педагагічнага, фізіка-матэматычнага, геаграфічнага, гістарычнага факультэтаў і факультэта фізічнага выхавання. З добрымі і цёплымі словамі да ўдзельнікаў звярнулася прарэктар па выхаваўчай працы Таццяна Сакалова.

Традыцыйна мерапрыемства пачалося з самапрэзентацыі «Нам пашчасціла вучыцца разам», у якой студэнты прадэманстравалі, якім сапраўды адзіным цэлым яны сталі за гады вучобы. Далей было абвяшчэнне вынікаў вынасных этапаў, якія дапамаглі вызначыць уключанасць груп-фіналістаў у вучэбную працу і грамадскую дзейнасць БрДУ, а таксама іх узровень валодання сучаснымі тэхналогіямі па падрыхтоўцы відэаролікаў. У Год малой радзімы і 1000-годдзя Брэста дэвізам конкурсу сталі словы «Брэст – горад маладых».

Гісторыі Брэста і ўніверсітэта быў прысвечаны турнір старастаў «Веру – не веру». А ў заключным этапе «Нам песня вучыцца і жыць дапамагае» ўдзельнікі конкурсу спаўна прадэманстравалі сваю крэатыўнасць, арыгінальнасць і нестандартнасць мыслення.

Інтрыга вырашылася пасля міні-канцэрта – вытрымаўшы паўзу, Таццяна Сакалова аб’явіла пераможцам навучальную групу 3-га курса спецыяльнасці «Лагапедыя» сацыяльна-педагагічнага факультэта. Гэтая ж група стала лепшай і ў конкурсе відэаролікаў. Астатнія ўдзельнікі конкурсу былі адзначаны ў розных намінацыях. Але кожная з груп мае права насіць гордае званне пераможцы, бо на працягу двух месяцаў упэўненымі крокамі ішла да фіналу, на якім заззяла яшчэ ярчэй.

Анастасія Кузьміч,
фізіка-матэматычны факультэт

Падзяліцца: