Наш арыенцір: ВЯСНА – СТУДЭНЦТВА – ПОСПЕХ!

«Наш арыенцір: ВЯСНА – СТУДЭНЦТВА – ПОСПЕХ!» – такі дэвіз быў абраны для першага агульнаўніверсітэцкага Парада студэнцкай моладзі БрДУ імя А.С. Пушкіна, які адбыўся 6 красавіка ў рамках фестывалю студэнцкай творчасці «Студэнцкая вясна – 2016».

Шчаслівыя твары студэнтаў і іх маляўнічы знешні выгляд адпавядалі сонечнаму вясноваму дню, здзіўлялі жыхароў і гасцей горада на працягу ўсяго дзейства, што развярнулася на вуліцах Пушкінскай і Савецкай. У авангардзе калоны, задаючы настрой усім удзельнікам, жыхарам і гасцям, ішоў Брэсцкі гарадскі духавы аркестр пад кіраўніцтвам Валерыя Коваля. Сярод удзельнікаў парада можна было ўбачыць лідараў студэнцкага самакіравання, знаёмыя твары творчай моладзі, актывістаў грамадскіх моладзевых аб’яднанняў і арганізацый (студэнцкага прафсаюза і ПА ГА «БРСМ»), замежных навучэнцаў, армію валанцёраў, кіраўніцтва факультэтаў, універсітэта, горада.

Своеасаблівы мітынг на музычнай пляцоўцы вуліцы Савецкай пачаўся яркім танцавальным флэш-мобам студэнтаў-актывістаў пад «Гімн моладзі», выкананы студыяй эстрадных спеваў «Ступені» пад кіраўніцтвам Ларысы Борсук. Словы прывітання і віншаванні прагучалі ад рэктара ўніверсітэта, доктара педагагічных навук, прафесара Ганны Мікалаеўны Сендзер. Сваё захапленне відовішчам выказаў Старшыня Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў Мікалай Васільевіч Красоўскі. З адказным словам ад усяго студэнцтва выступіла старшыня Савета студэнцкага самакіравання нашага ўніверсітэта Сняжана Бадунец.

Лагічным завяршэннем парада стаў невялікі святочны канцэрт, падрыхтаваны сіламі самых яркіх зорак нашага ўніверсітэта: мужчынскай вакальнай групы «Рух», студэнткі гістарычнага факультэта Ірыны Замулко, творчага дуэта Фёдара Мартыновіча і Наталлі Слуцкай.

Гэтую цудоўную падзею, на думку і ўдзельнікаў, і выпадковых гледачоў, ужо можна лічыць візітнай карткай самага галоўнага свята студэнцкай творчасці БрДУ імя А.С. Пушкіна – фестывалю «Студэнцкая вясна». На думку кіраўніцтва горада, парад павінен стаць традыцыйным мерапрыемствам, якое дэманструе згуртаванасць студэнцкай моладзі і яе гатоўнасць да актыўнага ўдзелу ў вырашэнні значных сацыяльных праблем.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: