Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Сацыяльна-педагагічная і медыка-псіхалагічная падтрымка развіцця асобы ў антагенезе»

16–17 мая 2019 года на сацыяльна-педагагічным факультэце нашага ўніверсітэта прайшла ўжо традыцыйная Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Сацыяльна-педагагічная і медыка-псіхалагічная падтрымка развіцця асобы ў антагенезе», якую ў гэтым годзе арганізоўвала кафедра псіхалогіі развіцця. У ёй прынялі ўдзел навукоўцы з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Польшчы, Славакіі. Удзельнікі канферэнцыі атрымалі магчымасць падаць вынікі ўласных навуковых даследаванняў і паўдзельнічаць у навуковай дыскусіі.

На пленарным паседжанні прагучалі даклады па ўсіх напрамках праблемнага поля канферэнцыі. Вялікую цікавасць і шматлікія дыскусіі выклікалі даклады загадчыка кафедры гуманітарнай адукацыі і педагагічных тэхналогій Волхаўскага філіяла Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.І. Герцэна, кандыдата філалагічных навук, дацэнта Філіпавай С.Г., яе калегі, дацэнта той жа кафедры, кандыдата філалагічных навук, дацэнта Дзешаулінай Л.М., доктара навук, дэкана факультэта права і адміністравання « Wyższa Szkoła Handlowa w Radomiu» Płotczyk М., дацэнта кафедры псіхалогіі развіцця нашага ўніверсітэта, кандыдата псіхалагічных навук, дацэнта Сінюк Д.Э.

Праца канферэнцыі была плённа працягнутая на пасяджэннях чатырох секцый: «Псіхолага-педагагічная падтрымка развіцця асобы ў школьным узросце», «Псіхолага-педагагічная падтрымка развіцця асобы ва ўмовах установы вышэйшай адукацыі», «Псіхолага-педагагічная падтрымка развіцця асобы ў дашкольным узросце», «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная падтрымка асобы ў андрагогіцы і герантагогіцы». Вынікам навуковага мерапрыемства стане зборнік матэрыялаў.

Таксама ў пятніцу, 17 мая, для гасцей канферэнцыі была арганізавана цікавая экскурсія па горадзе і крэпасці.

Аргкамітэт канферэнцыі выказвае ўдзячнасць кіраўніцтву ўніверсітэта, гасцям, выкладчыкам і студэнтам.

Кафедра псіхалогіі развіцця

Падзяліцца: