Калі з экстрымам на «ты»

З 23 па 25 кастрычніка ў горадзе Брэсце ў раёне Брэсцкай Крэпасці-героя праходзілі фінальныя спаборніцтвы Рэспубліканскай універсіяды – 2019 па веласіпедным спорце.

У спаборніцтвах прымалі ўдзел студэнты з шаснаццаці вышэйшых навучальных устаноў нашай краіны.

Наш універсітэт прадстаўлялі спартсмены:

  1. Цімошык Уладзіслаў, II курс, факультэт фізічнага выхавання;
  2. Кірыевіч Артур, II курс, факультэт фізічнага выхавання;
  3. Міхасюк Яўген, III курс, факультэт фізічнага выхавання;
  4. Касабуцкая Ксенія, III курс, факультэт фізічнага выхавання;
  5. Дацык Дар’я, II курс, факультэт фізічнага выхавання;
  6. Яцкевіч Кірыл, II курс, факультэт фізічнага выхавання;
  7. Хільчук Мікалай, III курс, фізіка-матэматычны факультэт.

У першы дзень спаборніцтваў удзельнікі спаборнічалі ў дысцыпліне ХСО (крос-кантры). Крос-кантры (англ. Cross-country) – адна са спартыўных дысцыплін у маўнтынбайку (горным веласіпедзе), гонкі па перасечанай мясцовасці са спускамі, зацяжнымі ўздымамі, хуткаснымі і тэхнічнымі часткамі. Траса ўключае ў сябе як натуральныя, так і штучныя перашкоды, у цяперашні час атрымліваюць распаўсюджванне элементы з іншых экстрэмальных відаў маўнтынбайка, такіх як даунхіл, нортшор і 4х. XCO – класічная гонка (1–2 гадзіны), рэкамендаваная дыстанцыя – некалькі кругоў па 4–6 км, якія ўключаюць часта зменныя складаныя ўздымы і тэхнічныя спускі.

Па выніках пяці кругоў дыстанцыі, кожны з якіх меў працягласць 4 км і ўтрымліваў тэхнічную і сілавую часткі, Яўген Міхасюк заняў II месца. Сярод дзяўчат бясспрэчным лідарам гонкі стала Касабуцкая Ксенія, апярэдзіўшы сваіх саперніц амаль на хвіліну. Астатнія ўдзельнікі кампактна размясціліся ў дзясятцы лепшых і прынеслі свае ачкі камандзе. Па выніках першага дня наш універсітэт заняў другое каманднае месца, зусім няшмат прайграўшы Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту фізічнай культуры.

У другі дзень спаборніцтваў удзельнікі выйшлі на старт дыстанцыі ХСЕ – гонкі з выбываннем. Па выніках другога дня спаборніцтваў Касабуцкая Ксенія заняла трэцяе месца, а Уладзіслаў Цімошык – другое. Астатнія ўдзельнікі выступілі, паказаўшы свой лепшы вынік, спыніўшыся на чвэрцьфінале.

У выніку двухдзённай барацьбы наша каманда паднялася на другую прыступку п’едэстала, саступіўшы Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту фізічнай культуры.

Мы віншуем спартсменаў і трэнера каманды з паспяховым выступленнем
і жадаем ім лёгкіх стартаў і ўпэўненых перамог у будучыні!

Спартыўны клуб

Падзяліцца: