-
Універсітэт
224016, Рэспубліка Беларусь, г. Брэст, бульвар Касманаўтаў, 21
+375 162 37-00-96 (тэлефон)
box@brsu.by -
Факультэты
-
Адукацыя
224016, г. Брэст, бульвар Касманаўтаў, 21, кабінет № 217/1
+ 375 162 37-01-27
marzans@brsu.by -
Навука
224016, г. Брэст, бульвар Касманаўтаў, 21, кабинет № 207
+375 162 21-66-86
nis@brsu.by
inovac@brsu.by - Абітурыенту
- Студэнту
- Замежным грамадзянам
-
Міжнародная дзейнасць
224016, г. Брэст, бульвар Касманаўтаў 21, вучэбны корпус № 1, кабінет № 117
+375 162 37-01-29 (тэлефон)
+375 29 21-06-115 (мабільны тэлефон)
int@brsu.by - Паслугi
Іван Эйсмант: «Журналістыка – стыль жыцця»
Сустрэча старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Івана Эйсманта са студэнтамі нашага ўніверсітэта адбылася 25 сакавіка. Госця прадставіла рэктар БрДУ Ганна Сендзер.
Іван Эйсмант узначаліў Белтэлерадыёкампанію ў мінулым годзе. У інтэрв’ю праграме «Галоўны эфір» тэлеканала «Беларусь 1» ён адзначыў, што абавязкова сустрэнецца з будучымі журналістамі, якіх рыхтуюць ва ўсіх вышэйшых навучальных установах краіны. Такая сустрэча прайшла ў нас у цёплай атмасферы.
Ва ўступным слове Іван Міхайлавіч расказаў аб функцыянаванні беларускага тэлебачання, структуры медыяхолдынга, эксклюзіве ў тэлевізійным эфіры, аб тым, чаму ў стагоддзе камп’ютарных тэхналогій яно імкліва ідзе наперад і ўдасканальваецца, а яго асобамі з’яўляюцца менавіта тыя людзі, якія працуюць сёння. Так, НДТРК разам з радыёстанцыямі уключае 7 тэлеканалаў. Самы высокі рэйтынг у «НТВ-Беларусь» – больш за 14 % беларусаў глядзяць яго кожны дзень.
Асобна Іван Эйсмант спыніўся на тым, як у Белтэлерадыёкампаніі з’явіліся ўсе тэлеканалы. Напрыклад, другая кнопка – моладзевая, таму што важна арыентавацца на гэтую частку грамадства, трэцяя – культуралагічная – грунтуецца на знаёмстве аўдыторыі з багатай гісторыка-культурнай спадчынай краіны, а тэлеканал «Беларусь 5» заклікае сучаснае грамадства займацца спортам і весці здаровы лад жыцця.
Затым студэнтам была дадзена магчымасць задаць пытанні. Не дзіўна, што самымі актыўнымі былі студэнты спецыяльнасці «Журналістыка (друкаваныя СМІ)». Што такое журналістыка, ці абавязкова карэспандэнту мець спецыяльную адукацыю, што з’яўляецца брэндам беларускага тэлебачання, перадачы якой накіраванасці карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў аўдыторыі і якія новыя праекты плануе запусціць Белтэлерадыёкампанія – вось, што цікавіла навучэнцаў.
Івана Міхайлавіча парадавала павышаная ўвага студэнтаў да журналістыкі. Ён адзначыў, што журналістыка – гэта стыль жыцця. Таму прыемнай знешнасці, пастаўленага голаса і таленту мала для таго, каб працаваць у СМІ. На думку кіраўніка медыяхолдынга, для журналіста найбольш важныя працавітасць, любоў да прафесіі, жаданне і ўменне асвятляць падзеі, што адбываюцца ў краіне і свеце.
«На сучасным тэлебачанні адбыўся злом, – адзначыў Іван Эйсмант. – У эфіры ўсё часцей з’яўляюцца маладыя вядучыя. Мы заўсёды працуем над памылкамі, аналізуем іх, удасканальваемся. А ў бліжэйшы час плануем адкрыць на нашай базе філіял журфака БДУ».
Іван Міхайлавіч адзначыў, што і цяпер у медыяхолдынгу працуюць таленавітыя студэнты, так як НДТРК адкрыта для супрацоўніцтва, новых ідэй і свежага погляду на сучасную карціну свету. «Наша тэлебачанне ад замежнага адрознівае высокі працэнт адукацыйных праграм», – адзначыў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі, які па абавязку службы наведаў больш за тры дзясяткі краін, дзе абавязкова глядзеў тэлевізійны прадукт і аналізаваў яго.
Не маглі студэнты пакінуць без увагі канкурэнцыю паміж традыцыйнымі СМІ і інтэрнэтам. На здзіўленне навучэнцаў, Іван Эйсмант прывёў наступную інфармацыю: «Паводле дадзеных Еўрапейскага вяшчальнага саюза, у Еўропе пачаўся паварот у бок класічнай журналістыкі, таму што аб’ектыўнасць і дакладнасць інфармацыі менавіта за ёй».
Іван Міхайлавіч са шкадаваннем канстатаваў, што сёння наша жыццё стала журналістыкай, ператварылася ў інфармацыйны паток, многія лічаць сябе журналістамі, не ўсведамляючы пры гэтым усю важнасць сказанага слова. Яно, як вядома, не верабей, вылеціць – не зловіш.
Традыцыйныя СМІ вымушаны сёння прадстаўляць свой кантэнт і ў інтэрнэце. Але, на думку кіраўніка НДТРК, важна не дубліраваць яго, а адаптаваць да іншай платформы. Вяшчанне ў анлайн-рэжыме Белтэлерадыёкампанія ажыццяўляе, вялікай папулярнасцю ў інтэрнэт-аўдыторыі карыстаюцца навінавыя і крымінальныя праграмы.
Цікавіў студэнтаў і адказ на нашумелае пытанне аб беларускім аналагу «Голасу». Іван Эйсмант запэўніў, што ў цяперашні час вядзецца вялікая праца ў гэтым кірунку. Трэба вывучыць вопыт калег, абсталяваць студыю, правесці кастынгі, набраць каманду аднадумцаў.
Дарэчы, пра новыя праекты і новаўвядзенні ў эфіры. Нядаўна Белтэлерадыёкампанія адмовілася ад палітычнага ток-шоу з-за таго, што ў апошні час такія праграмы запаланілі тэлевізійныя каналы блізкага замежжа. Хутка выпусціць у эфір яшчэ адну інтэлектуальную перадачу «На вылет», а ў наступным годзе, магчыма, гледачоў чакае шэраг забаўляльных праграм.
Прагучалі з залы і персанальныя пытанні, адказваючы на якія, Іван Эйсмант адзначыў, што ён атрымлівае задавальненне як ад творчай, так і ад адміністрацыйнай працы. Кіраваць яму падабаецца больш, таму што ў яго з’явілася магчымасць прыдумляць і ўкараняць новыя праекты – такія, якія, на яго погляд, павінны сёння быць у сетцы вяшчання. Але роля тэлевядучага арганічна ўвайшла ў яго жыццё, таму ён працягвае весці выніковую праграму «Галоўны эфір».
Паводле слоў Івана Міхайлавіча, «Галоўны эфір» для свайго часу – эксклюзіўная праграма. Яго разынка – нестандартны, дынамічны пачатак, калі вядучыя з’яўляецца ў кадры на паветраным шары, напрыклад, або кіруючы сельгастэхнікай, – і цытаванасць. Пошук журналістамі лаканічных, дакладных фраз робіць інфармацыйна-аналітычны выпуск больш жывым і разнастайным.
На заканчэнне сустрэчы Ганна Сендзер падзякавала госцю за адкрыты дыялог і ўручыла яму кветкі, карціну, напісаную студэнтамі нашага ўніверсітэта, і сувенірную прадукцыю БрДУ. А Іван Эйсмант пажадаў студэнцкай моладзі выяўляць сябе і памятаць, што інфармацыя – гэта вялікая зброя, за якой стаіць слова.
Юлія Воўк, студэнцкі клуб