Фестывальны рынг кулінараў

Фестывальны рынг кулінараў 2 сакавіка сабраў замежных навучэнцаў універсітэта ў інтэрнаце №4, каб прадэманстраваць іх кулінарнае майстэрства, культуру і традыцыі харчавання народаў розных краін. Кулінарны рынг сярод замежных студэнтаў арганізуецца не першы год і з’яўляецца састаўной часткай праграмы Фестывалю замежных студэнтаў. Цікавасць да правядзення такога вечара ў туркменскіх студэнтаў вельмі вялікая. І на гэты раз востры водар усходніх страў пакарыў усіх.

У дэманстрацыі кулінарных страў прымалі ўдзел каманды ад кожнага інтэрната студгарадка. Афармленне і прадстаўленне страў павінна было адпавядаць тэме: «За дзве гадзіны вакол свету». Удзельнікі кулінарнага рынга зрабілі асноўны акцэнт на кухні народаў Азіі. З еўрапейскай кухні студэнты спынілі свой выбар на французскай і італьянскай. Прысутныя на вечары, асабліва беларускі бок, даведаліся шмат цікавага пра тэхналогію прыгатавання страў. Аказалася, што некаторыя з іх ужо ўвайшлі і ў рацыён нашай славянскай кухні. Так, мы актыўна гатуем плоў (з узбекскай кухні), леча (з турэцкай кухні), піцу (з італьянскай кухні). Памылкова лічыцца, што манты – гэта ўзбекская страва, але на самой справе яна з’явілася ў Кітаі і першапачаткова абазначала «прыгатаваны на пары хлеб». Нядаўна ў еўрапейскую кухню ўвайшла японская страва сушы, якая рыхтуецца з сырой неапрацаванай рыбы.

Для журы было досыць складана вылучыць лепшых. Намінацыя «Самыя вострыя смакавыя адчуванні» была вызначана для каманды «Банжур» інтэрната №1, якая прадставіла французскую і турэцкую кухню, правяла для ўдзельнікаў вечара пазнавальную кулінарную віктарыну. Уладальнікам намінацыі «Самы ўсходні смак» стала каманда «4 ч» інтэрната №4 (назва звязана не толькі з нумарам інтэрната, але і колькасцю туркменскіх студэнтаў, якія пражываюць у ім – 4), якая прадставіла японскую і карэйскую кухню. Дзякуючы менавіта гэтай камандзе мы шмат даведаліся пра сушы. Намінацыя «Спалучэнне мучнога і мяснога» аказалася ў каманды «Гурманы» інтэрната №3, якая прапанавала традыцыйную страву Сярэдняй Азіі самсу і стравы італьянскай кухні. Пазнавальнай аказалася віктарына аб італьянскай кухні, праведзеная камандай. У намінацыі «Самы незабыўны экзатычны смак» перамагла каманда «Дружба» інтэрната №2, якая прадставіла узбекскую і грэчаскую кухню. Каманда ва ўсіх адносінах была лепшай: і ў афармленні стала, у паэтычнай прэзентацыі страў, іх разнастайнасці.

Хочацца падзякаваць усім удзельнікам за папулярызацыю сваіх нацыянальных традыцый, за іх інтэграцыю ў нашу культуру і выказаць надзею, што з наступнага года ў рынгу будуць прымаць удзел і беларускія студэнты.

З.С. Ляўчук, член журы

Падзяліцца: